
Нiводзiн чалавек не прызнаўся, што нiчога не бачыць. Нiхто не хацеў прызнацца, што ён дурань альбо сядзiць не на сваiм месцы. Нi адзiн касцюм караля не выклiкаў яшчэ такога захаплення.
- Дык ён жа голы! - закрычаў раптам нейкi маленькi хлопчык.
- Паслухайце, што гаворыць бязвiннае дзiцё, - сказаў яго бацька.
Усе пачалi шэптам перадаваць адзiн аднаму словы хлопчыка.
- Ды ён жа зусiм голы! Во, хлопчык кажа, што ён зусiм не адзеты! закрычаў урэшце ўвесь народ.
I каралю зрабiлася жудасна. Яму падалося, што народ гаворыць праўду. Але ж трэба было давесцi ўрачыстую цырымонiю да канца.
I ён выступаў яшчэ больш велiчна пад сваiм балдахiнам, парадным навесам, а камергеры iшлi за iм i прытрымлiвалi мантыю, якой не было.
ГАЛЁШЫ ШЧАСЦЯ
I. Пачатак
Справа была ў Капенгагене, на Ўсходняй вулiцы, непадалёку ад Новай каралеўскай плошчы. У адным доме сабралася вялiкая кампанiя - iншы раз даводзiцца ўсё-такi прымаць гасцей; затое, глядзiш, i сам дачакаешся калi-небудзь запрашэння. Госцi разбiлiся на дзве асобныя купкi: адна тут жа села за ломберныя сталы, другая ж утварыла кружок вакол гаспадынi, якая прапанавала "прыдумаць што-небудзь цiкавейшае", i размова пацякла сама сабой. Мiж iншым, гаворка зайшла пра сярэднiя вякi, i многiя лiчылi, што ў тыя часы жылося намнога лепш, чым цяпер. Так, так! Саветнiк юстыцыi Кнап абараняў гэтую думку так заўзята, што гаспадыня адразу з iм згадзiлася, i яны ўдваiх накiнулiся на беднага Эрстэда, якi даказваў у сваiм артыкуле ў "Альманасе", што наша эпоха чымсьцi ўсё-такi вышэй за сярэдневякоўе. Саветнiк сцвярджаў, што праўленне караля Ганса было лепшай i шчаслiвейшай часiнай у гiсторыi чалавецтва.
Пакуль вядзецца гэтая гарачая спрэчка, якая перапынiлася толькi на iмгненне, калi прынеслi вячэрнюю газету (зрэшты, чытаць у ёй абсалютна не было чаго), пройдзем у пярэднюю, дзе госцi пакiнулi свае палiто, кульбакi, парасоны i галёшы. Сюды толькi што зайшлi дзве жанчыны: маладая i старая.
