- На выспу? - перапытаў саветнiк, не ведаючы яшчэ, што ён цяпер жыве ў часы сярэднявечча. - Мне трэба трапiць у Хрысцiянаву гавань, на Малую гандлёвую вулiцу.

Хлопцы вытрашчылi на яго вочы.

- Скажыце мне хоць бы, дзе мост? - працягваў саветнiк. - Ну што за непарадак! Лiхтары не гараць, а гразь такая, што здаецца, быццам па балоце брыдзеш.

Але чым больш ён размаўляў з перавозчыкамi, тым менш мог што-небудзь узяць у толк.

- Не разумею я вашай барнхольмскай тарабаршчыны! - раззлаваўся ён нарэшце i павярнуўся да iх спiнай.

Але моста ён усё-такi не знайшоў; каменны парапет набярэжнай знiк таксама. "Што робiцца? Вось бязладдзе!" - думаў ён. Так, нiколi яшчэ рэчаiснасць не здавалася яму такой убогай i мярзотнай, як у гэты вечар. "Не, лепш узяць рамiзнiка, - вырашыў ён. - Але, божа, куды ж яны ўсе прапалi? Як на злосць, нiводнага! Вярнуся ж я на Новую каралеўскую плошчу - там, напэўна, стаяць экiпажы, а то мне давеку не трапiць у Хрысцiянаву гавань!"

Ён зноў вярнуўся на Ўсходнюю вулiцу i паспеў ужо прайсцi яе амаль усю, калi ўзышоў месяц.

"Божа, што гэта тут панабудавалi такое?" - здзiвiўся саветнiк, убачыўшы перад сабой Усходнiя Гарадскiя вароты, якiя ў тыя далёкiя часы стаялi ў канцы Ўсходняй вулiцы.

Нарэшце, ён знайшоў брамку i выйшаў на цяперашнюю Новую каралеўскую плошчу, якая ў тыя часы была проста вялiкiм лугам. На лузе там i сям тырчалi кусты, i ён быў перасечаны цi то шырокiм каналам, цi то ракой. На супрацьлеглым беразе размясцiлiся бедныя домiкi галандскiх шкiпераў, чаму i месца гэтае называлася Галандскай вышынёй.

- Божа мой! Цi гэта мiраж, фата-моргана, цi я... божа... п'яны? застагнаў саветнiк юстыцыi. - Што ж гэта такое? Што ж гэта такое?

I саветнiк зноў павярнуў назад, падумаўшы, што захварэў. Iдучы па вулiцы, ён цяпер уважлiва прыглядаўся да дамоў i заўважыў, што ўсе яны даўнейшай пабудовы i многiя накрыты саломай.

- Але, канечне, я захварэў, - уздыхнуў ён, - а ўсяго ж адну шклянку пуншу выпiў, але мне i гэта зашкодзiла. I трэба ж дадумацца - частаваць гасцей пуншам i гарачай ласосiнай! Не! Я абавязкова пагавару аб гэтым з агентшай. Вярнуцца хiба да iх i расказаць, якая са мной здарылася бяда? Не, няёмка. Ды яны ўжо, бадай, даўно спаць паляглi.



33 из 294