
Ён пачаў шукаць дом iншых сваiх знаёмых, але яго таксама не аказалася на месцы.
- Не, гэта проста жах нейкi! Не пазнаю Ўсходняй вулiцы. Нi адной крамы! Усё толькi старыя, нiкчэмныя халупы - можна падумаць, што я трапiў у Раскiле альбо Рынгстэд. Так, кепскiя мае справы! Ну што ўжо тут саромецца, вярнуся да агента! Але, чорт вазьмi, як мне знайсцi яго дом? Я болей не пазнаю яго. Ага, тут, здаецца, яшчэ не спяць!.. Ах, я зусiм расхварэўся, зусiм расхварэўся.
Ён наткнуўся на прачыненыя дзверы, з-за якiх лiлося святло. Гэта быў адзiн з тых старадаўнiх шынкоў, якiя былi падобны на цяперашнiя нашы пiўныя. Агульны пакой нагадваў голшцiнскую харчэўню. У iм сядзела некалькi пастаянных клiентаў - шкiперы, капенгагенскiя бюргеры i яшчэ нейкiя людзi, з выгляду вучоныя. Папiваючы з кубкаў пiва, яны вялi гарачую спрэчку i не звярнулi нiякай увагi на новага наведвальнiка.
- Даруйце, - сказаў саветнiк гаспадынi, якая падышла да яго, - мне раптам стала кепска. Вы не дастанеце мне рамiзнiка? Я жыву ў Хрысцiянавай гаванi.
Гаспадыня паглядзела на яго i сумна пахiтала галавой, пасля нешта сказала па-нямецку. Саветнiк падумаў, што яна дрэнна разумее па-дацку, i паўтарыў сваю просьбу на нямецкай мове. Гаспадыня ўжо заўважыла, што наведвальнiк апрануты неяк дзiўна, а цяпер, пачуўшы нямецкую гаворку, канчаткова пераканалася ў тым, што перад ёю iншаземец. Яна вырашыла, што ён дрэнна сябе адчувае, i прынесла яму кубак саланаватай калодзежнай вады.
Саветнiк абапёрся галавой на руку, глыбока ўздыхнуў i задумаўся: куды ж ён усё-такi трапiў?
- Гэта вячэрнi выпуск "Дня"? - спытаў ён, проста каб сказаць што-небудзь, убачыўшы, як гаспадыня прыбiрае вялiкi аркуш паперы.
