
Праз дзве хвiлiны саветнiк ужо ехаў на рамiзнiку ў Хрысцiянаву гавань. Усю дарогу ён успамiнаў перажытыя iм жахi i ад усяго сэрца бласлаўляў шчаслiвую рэальнасць i свой век, якi, нягледзячы на ўсе яго заганы i недахопы, усё-такi быў лепшы за той, у якiм яму толькi што давялося пабываць. I трэба сказаць, што на гэты раз саветнiк юстыцыi разважаў упаўне разумна.
III. Прыгоды вартаўнiка
- Гм, хтосьцi пакiнуў тут свае галёшы! - сказаў вартаўнiк. - Гэта, напэўна, лейтэнант, што жыве наверсе. Вось бач якi, кiнуў iх каля самых варот!
Сумленны вартаўнiк, канечне, хацеў было адразу пазванiць i аддаць галёшы iх законнаму ўладальнiку, тым больш, што ў лейтэнанта яшчэ гарэла святло, але пабаяўся разбудзiць суседзяў.
- Ну i цёпла, вiдаць, хадзiць у такiх галёшах! - сказаў вартаўнiк. - А скура да чаго мяккая!
Галёшы прыйшлiся якраз яму на нагу.
- I сапраўды як дзiўна ўладкаваны свет, - працягваў ён. - Узяць хоць бы гэтага лейтэнанта: мог бы зараз спакойна спаць у цёплай пасцелi, - дык не ж, усю ноч ходзiць узад i ўперад па пакоi. Вось каму шчасце! Няма ў яго нi жонкi, нi дзяцей, нi трывог, нi турбот; кожны вечар па гасцях раз'язджае. Добра б мне памяняцца з iм месцамi: я тады стаў бы самым шчаслiвым чалавекам на зямлi!
Не паспеў ён гэта падумаць, як чароўнай сiлай галёшаў iмгненна пераўвасобiўся ў таго афiцэра, што жыў наверсе. Цяпер ён стаяў пасярод пакоя, трымаў у руках лiсток ружовай паперы з вершамi, якiя напiсаў сам лейтэнант. Ды i да каго iншы раз не з'яўляецца паэтычнае натхненне! Вось тады думкi i вылiваюцца ў вершы. На ружовым лiстку было напiсана наступнае:
КАБ Я БАГАТЫМ БЫЎ
"Каб я багатым быў, - з маленства я жадаў,
Абавязкова б афiцэрам стаў,
Насiў бы форму, шаблю i плюмаж!"
