
- Ну, як вы сябе адчуваеце? - спытала гаспадыня, пацягнуўшы саветнiка за рукаво.
Тут ён апамятаўся i са здзiўленнем утаропiўся на сваiх субяседнiкаў, таму што за размовай зусiм забыў, што з iм адбываецца.
"Божа, дзе я?" - падумаў ён, i пры адной думцы аб гэтым у яго закружылася галава.
- Давайце пiць кларэт, мёд i брэменскае пiва! - закрычаў адзiн з гасцей. I вы з намi!
Увайшлi дзве дзяўчыны, адна з якiх была ў двухколерным чэпчыку*, яны падлiвалi гасцям вiно i нiзка прысядалi. У саветнiка нават мурашы забегалi па спiне.
* Пры каралi Гансе, у 1495 годзе, быў выпушчаны ўказ, па якiм жанчыны лёгкiх паводзiн павiнны былi насiць чэпчыкi з яркай расфарбоўкай, каб кiдалася ў вочы.
- Што ж гэта такое? Што гэта такое? - шаптаў ён, але вымушаны быў пiць разам з усiмi. Сабутэльнiкi так на яго населi, што бедны саветнiк зусiм збянтэжыўся, i калi нехта сказаў, што ён, напэўна, п'яны, нiколькi ў гэтым не засумняваўся i толькi папрасiў, каб яму нанялi рамiзнiка. Але ўсе вырашылi, што ён размаўляе па-маскавiцку. Нiколi ў жыццi саветнiк не трапляў у такую грубую i неабчэсаную кампанiю. "Можна падумаць, - казаў ён сабе, - што мы вярнулiся ў часы язычнiцтва. Не, гэта жахлiвейшая хвiлiна ў маiм жыццi!"
Тут яму прыйшло ў галаву: а што, калi залезцi пад стол, падпаўзцi да дзвярэй i ўцячы? Але калi ён быў ужо амаль каля мэты, гулякi заўважылi, куды ён паўзе, i схапiлi яго за ногi. На шчасце, галёшы звалiлiся ў яго з ног, а з iмi рассеялася i чараўнiцтва.
Пры яркiм святле лiхтара саветнiк выразна ўбачыў вялiкi дом, якi стаяў проста перад iм. Ён пазнаў гэты дом, i ўсе суседнiя, пазнаў i Ўсходнюю вулiцу. Сам ён ляжаў на ходнiках, упiраючыся нагамi ў чыесьцi вароты, а побач сядзеў начны вартаўнiк, якi спаў моцным сном.
- Божа! Значыць, я заснуў проста на вулiцы, вось табе i на! - сказаў саветнiк. - Так, вось i Ўсходняя вулiца... Як тут светла i прыгожа! Але хто б мог падумаць, што адна шклянка пуншу падзейнiчае на мяне так моцна!
