
"Бач, як пакацiлася, - сказаў сабе вартаўнiк. - Ну, нiчога, iх там яшчэ шмат засталося. А добра было б убачыць блiжэй усе гэтыя нябесныя штукенцыi. Асаблiва месяц: ён не тое што зорка, мiж пальцаў не праслiзне. Студэнт, якому мая жонка мые бялiзну, кажа, што пасля смерцi мы будзем пералятаць з адной зоркi на другую. Гэта, канечне, хлусня, а ўсё ж як было б цiкава гэтак павандраваць. Эх, калi б мне толькi ўдалося даскочыць да неба, а цела няхай бы ляжала тут, на прыступках".
Ёсць рэчы, аб якiх наогул трэба гаварыць вельмi асцярожна, асаблiва калi на нагах у цябе галёшы шчасця! Вось паслухайце, што адбылося з вартаўнiком.
Мы з вамi абавязкова ездзiлi на цягнiку альбо на параходзе, якiя iшлi поўным ходам. Але ў параўнаннi з хуткасцю святла iх хуткасць усё адно што хуткасць лянiўца альбо смаўжа. Святло бяжыць у дзевятнаццаць мiльёнаў разоў хутчэй за самага лепшага скарахода, але не хутчэй за электрычнасць. Смерць гэта электрычны ўдар у сэрца, i на крыллях электрычнасцi вызваленая душа вылятае з цела. Сонечны прамень дваццаць мiльёнаў мiль прабягае ўсяго за восем хвiлiн з секундамi, але душа яшчэ хутчэй, чым святло, пакрывае велiзарную прастору, якая раздзяляе зоркi.
Для нашай душы праляцець адлегласць памiж двума нябеснымi свяцiламi гэтак жа проста, як нам самiм дайсцi да суседняга дома. Але электрычны ўдар у сэрца можа каштаваць нам жыцця, калi на нагах у нас няма такiх галёшаў шчасця, якiя былi ў вартаўнiка.
За некалькi секунд начны вартаўнiк праляцеў прастору ў пяцьдзесят дзве тысячы мiль, што аддзяляюць зямлю ад месяца, якi, як вядома, складаецца з рэчыва намнога больш лёгкага, чым наша зямля, i ён прыкладна такi ж мяккi, як i самы свежы снег.
Вартаўнiк апынуўся на адной з тых незлiчоных месяцавых кальцавых гор, якiя вядомы нам па вялiкiх месяцавых картах доктара Мэдлера. Ты ж таксама бачыў iх, цi не праўда?
