У гары ўтварыўся кратэр, сценкi якога амаль вертыкальна абрывалiся ўнiз на цэлую дацкую мiлю, а на самым дне кратэра знаходзiўся горад. Горад гэты нагадваў яечны бялок, выпушчаны ў шклянку вады, - такiмi празрыстымi i лёгкiмi здавалiся яго вежы, купалы i ветразепадобныя балконы, якiя слаба пакалыхвалiся ў разрэджаным паветры месяца. А над галавой вартаўнiка велiчна плыў велiзарны вогненна-чырвоны шар - наша зямля.

На месяцы было мноства жывых iстот, якiх мы назвалi б людзьмi, калi б яны не так моцна адрознiвалiся ад нас i па сваёй знешнасцi, i па мове. Цяжка было чакаць, каб душа вартаўнiка разумела гэтую мову, - аднак яна цудоўна яе разумела.

Так, так, можаце здзiўляцца, колькi хочаце, але душа вартаўнiка адразу навучылася мове жыхароў месяца. Часцей за ўсё яны спрачалiся аб нашай зямлi. Яны вельмi i вельмi сумнявалiся ў тым, што на зямлi ёсць жыццё, бо паветра там, казалi яны, занадта шчыльнае, i разумнае месячнае стварэнне не магло б iм дыхаць. Яны сцвярджалi далей, што iснаванне магчыма толькi на месяцы - адзiнай планеце, дзе ўжо даўным-даўно зарадзiлася жыццё.

Але вернемся на Ўсходнюю вулiцу i паглядзiм, што сталася з целам вартаўнiка.

Безжыццёвае, яно па-ранейшаму сядзела на прыступках; кульбака з шыпамi на канцы - у нас яе празвалi б "ранiшняй зоркай" - выпала з рук, а вочы ўтаропiлiся на месяц, па якiм цяпер падарожнiчала душа вартаўнiка.

- Гэй, вартаўнiк, якi час? - спытаў нейкi мiнак; не дачакаўшыся адказу, ён пстрыкнуў вартаўнiка па носе. Цела страцiла раўнавагу i на ўсю даўжыню выцягнулася на ходнiках.

Мiнак вырашыў, што вартаўнiк памёр, i жахнуўся, а мёртвы так i застаўся мёртвым. Аб гэтым паведамiлi куды трэба, i ранiцай цела адвезлi ў бальнiцу.

Вось заварылася б каша, калi б душа вярнулася i, як i трэба чакаць, узялася шукаць сваё цела там, дзе рассталася з iм, гэта значыць, на Ўсходняй вулiцы. Выявiўшы прапажу, яна хутчэй за ўсё адразу ж кiнулася б у палiцыю, у адрасны стол, адтуль у бюро па вышуку рэчаў, каб даць аб'яву аб прапажы ў газеце, i толькi ў апошнюю чаргу накiравалася б у бальнiцу. Зрэшты, аб душы турбавацца няма чаго - калi яна дзейнiчае самастойна, усё iдзе цудоўна, i толькi цела перашкаджае ёй i прымушае яе рабiць глупствы.



41 из 294