- Божа, толькi б працiснуць галаву, - прамовiў ён.

I ў той жа момант галава яго, хаця i вельмi вялiкая, удачна праскочыла памiж прутамi, - не без дапамогi галёшаў, зразумела.

Цяпер справа была за тулавам, але яму нiяк не ўдавалася пралезцi.

- Ух, якi я тоўсты! - скардзiўся студэнт. - А я дык думаў, што галаву прасунуць будзе цяжэй за ўсё. Не, не пралезцi мне!

Ён хацеў адразу ж выцягнуць галаву назад, але не тут было: яна застрамiлася безнадзейна, ён мог толькi круцiць ёю колькi заўгодна i без усялякага толку. Спачатку лекар проста раззлаваўся, але хутка настрой у яго сапсаваўся дарэшты: галёшы паставiлi яго прама-такi ў жахлiвае становiшча.

На няшчасце, ён нiяк не здагадваўся, што трэба пажадаць вызвалiцца, i колькi нi круцiў галавой, яна не пралазiла назад. Дождж усё лiў i лiў, i на вулiцы не было нi душы. Да званка, каб паклiкаць дворнiка, усё-адно нельга было дацягнуцца, а сам вызвалiцца ён не мог. Ён баяўся, што, чаго добрага, давядзецца прастаяць так да ранiцы, бо толькi ранiцай можна будзе паслаць па каваля, каб ён перапiлаваў агароджу. I наўрад цi ўдасца перапiлаваць яе хутка, а на шум збягуцца школьнiкi, усе навакольныя жыхары, - так, так, збягуцца i будуць дзiвiцца на лекара, якi скурчыўся, як злачынца каля ганебнага слупа; дзiвiцца, як у мiнулым годзе на велiзарную агаву, калi яна расцвiла.

- Ой, кроў так i прылiвае да галавы. Не, я так з розуму звiхнуся! Так, так звiхнуся з розуму! Ох, толькi б мне вызвалiцца!

Даўно ўжо трэба было лекару сказаць гэта: у тую ж хвiлiну галава яго свабодна прайшла памiж прутамi, i ён стрымгалоў кiнуўся назад, зусiм звар'яцеўшы ад страху, у якi яго ўвагналi галёшы шчасця.

Але калi вы думаеце, што гэтым справа i скончылася, то глыбока памыляецеся. Не, самае горшае яшчэ наперадзе.



43 из 294