Дык вось, калi вартаўнiка прывезлi ў бальнiцу i ўнеслi ў трупярню, з яго першым чынам, канечне, знялi галёшы, i душы воляй-няволяй давялося перапынiць сваё падарожжа i вярнуцца ў цела. Яна адразу знайшла яго, i вартаўнiк тут жа ажыў. Потым ён запэўнiваў, што гэта была самая вар'яцкая ноч у яго жыццi. Ён нават за дзве маркi не згадзiўся б зноў перажыць такiя жахi. Зрэшты, цяпер усё гэта ззаду.

Вартаўнiка выпiсалi ў той жа дзень, а галёшы засталiся ў бальнiцы.

IV. "Галаваломка". Дэкламацыя. Зусiм незвычайнае падарожжа

Кожны жыхар Капенгагена шмат разоў бачыў галоўны ўваход у гарадскую Фрэдэрыксбергскую бальнiцу, але паколькi гэтую гiсторыю, магчыма, будуць чытаць не толькi капенгагенцы, нам давядзецца даць сякiя-такiя тлумачэннi.

Справа ў тым, што бальнiцу аддзяляе ад вулiцы даволi высокая агароджа з тоўстых жалезных прутоў. Пруты гэтыя расстаўлены так рэдка, што многiя практыканты, асаблiва хударлявыя, дахiтраюцца працiснуцца памiж iмi, калi ў няўрочны час хочуць выбрацца ў горад. Цяжэй за ўсё iм прасунуць галаву, так што i ў гэтым выпадку, як, зрэшты, нярэдка бывае ў жыццi, вялiкагаловым прыходзiлася туга... Ну, для ўступу гэтага хопiць.

У той вечар у бальнiцы якраз дзяжурыў адзiн малады лекар, аб якiм хоць i можна было сказаць, што "галава ў яго вялiкая", але... толькi ў самым прамым сэнсе слова. Iшоў пралiўны дождж; аднак, нягледзячы на непагадзь i дзяжурства, лекар усё-такi вырашыў збегаць у горад па нейкiх неадкладных справах, - хоць бы на чвэрць гадзiнкi. "Няма чаго, - думаў ён, - звязвацца з брамнiкам, калi можна пралезцi скрозь пруты". У вестыбюлi ўсё яшчэ валялiся галёшы, забытыя вартаўнiком. У такi лiвень яны былi вельмi дарэчы, i лекар надзеў iх, не здагадваючыся, што гэта галёшы шчасця. Цяпер заставалася толькi працiснуцца памiж жалезнымi прутамi, чаго яму яшчэ нi разу не даводзiлася рабiць.



42 из 294