- Што загадаеш, салдат? - спытаў сабака.

- Дзiва, дый годзе! - сказаў салдат. - Крэсiва, выходзiць, не простае. А цi не выратуе яно мяне з бяды? Прыдбай мне грошай! - загадаў ён сабаку.

I толькi ён сказаў гэтак, як сабакi i след прастыў. Але не паспеў салдат палiчыць да двух, як сабака ўжо тут як тут, а ў зубах у яго вялiкi мех, паўнюткi медных грошай.

Зразумеў цяпер салдат, што за дзiвоснае было тое крэсiва. Варта стукнуць па крэменi адзiн раз - з'яўляўся сабака з вачамi, як сподачкi. А два разы стукне салдат - бяжыць да яго сабака з вачамi, бы колы вадзянога млына. Тры разы стукне - i сабака, у якога кожнае вока велiчынёю з вежу, стаiць перад iм i чакае загаду. Першы сабака носiць яму медныя грошы, другi - срэбра, а трэцi - чыстае золата.

I вось салдат зноў забагацеў, перабраўся ў самыя лепшыя пакоi, зноў пачаў хадзiць у святочных апранахах. Тут усе яго сябры зноў пачалi хадзiць да яго i шанавалi асаблiва.

I неяк памроiлася салдату: "А хiба ж не магу я на прынцэсу глянуць? Усе гавораць, што яна прыгажуня. А якая карысць, што яна ўвесь век прасядзiць у медным замку, за высокiмi сценамi ды вежамi? Дзе ж яно, маё крэсiва?"

I ён стукнуў па крэменi адзiн раз. У той жа мiг з'явiўся сабака з вачамi, быццам сподкi.

- Вось што, мой дарагi, - сказаў салдат, - хаця ўжо на вулiцы ноч, але я хачу паглядзець на прынцэсу. Хоць адну хвiлiначку. Зрабi!

Сабака знiк, i не паспеў салдат мiргнуць вокам, як ён з'явiўся зноў, а на спiне ў яго ляжала сонная прынцэса.

Чароўная, цудоўная была прынцэса. Па ўсiм было бачна, што гэта сапраўдная прынцэса. I нiяк не мог стрымацца салдат, каб не пацалаваць яе, - для таго ж ён i быў салдат, сапраўдны хлопец, з галавы да пятак. Потым сабака аднёс прынцэсу назад так, як i прынёс.

Ранiцай прынцэса пiла гарбату i расказала каралю i каралеве, што яна бачыла ўночы дзiўны сон: нiбы яна ехала вярхом на сабаку i нейкi салдат пацалаваў яе.



5 из 294