
Слуга, якi ваксаваў яго боты, здзiвiўся, што ў такога багача, гэтакiя кепскiя боты, - а салдат не паспеў яшчэ купiць новыя. Затое на наступны дзень ён прыдбаў сабе самыя прыгожыя апранахi, капялюш з пяром i боты са шпорамi.
Цяпер салдат зрабiўся сапраўдным панам. Яму расказалi пра ўсе дзiвосы, якiя былi ў гэтым горадзе. Расказалi i пра караля, у якога была чароўная дачка.
- А як бы мне пабачыць гэту прынцэсу? - спытаў салдат.
- Гэта не вельмi проста, - адказалi яму. - Прынцэса жыве ў вялiкiм медным замку, а вакол замка высокiя сцены i каменныя вежы. Нiхто, акрамя самога караля, не ўвойдзе туды i не выйдзе адтуль, таму што каралю наваражылi, што дачка яго стане жонкаю простага салдата. А каралю мець за зяця простага салдата зусiм не хочацца. Вось ён i трымае прынцэсу пад замком.
Пашкадаваў салдат, што нельга паглядзець на прынцэсу, ды асаблiва не бедаваў.
I без прынцэсы зажыў ён весела: хадзiў у тэатры, гуляў у каралеўскiм садзе i раздаваў грошы бедным. Ён на сабе добра зведаў, як цяжка жыць без капейкi ў кiшэнi.
Ну, а калi салдат быў багаты, жыў весела i апранаўся прыгожа, дык i сяброў у яго было багата. Усе называлi яго дружбаком, сапраўдным панам, а гэта яму вельмi падабалася.
Вось трацiў, трацiў грошы салдат i бачыць аднойчы, што ў кiшэнi ў яго засталося два грашы. I давялося салдату перабрацца з панскiх пакояў у цесны закутак пад самым дахам. Прыгадаў ён былое жыццё: сам пачаў ваксаваць свае боты i цыраваць на iх дзiркi. Нiхто з былых сяброў больш не наведваў яго, ды i надта ж высока было падымацца туды.
Ды неяк надвячоркам сядзеў салдат у сваiм закутачку. Ужо i зусiм сцямнела, а ў яго не было грошай нават на свечку. I тут ён успомнiў пра ведзьмiна крэсiва. Выняў салдат крэсiва i пачаў здабываць агонь. Толькi красануў ён аб крэмень, дзверы расчынiлiся i ўбег сабака з вачыма, быццам сподачкi. Гэта быў той самы сабака, якога салдат бачыў у першым пакоi падзямелля.
