Сабака бег вельмi хутка, а крупы сыпалiся з мяшочка па ўсёй дарозе ад меднага замка да дома салдата. Але сабака нiчога не заўважыў.

Ранiцай кароль i каралева выйшлi з палаца, паглядзелi на дарогу i адразу даведалiся, куды ездзiла прынцэса. Салдата схапiлi i пасадзiлi ў турму.

Доўга сядзеў салдат за кратамi. У турме было цёмна i сумна. I вось аднойчы вартавы сказаў салдату:

- Заўтра цябе павесяць!

Нявесела зрабiлася салдату. Думаў ён, думаў, як ад смерцi выратавацца, але нiчога не мог прыдумаць. А сваё чароўнае крэсiва салдат забыў дома.

На другi дзень ранiцай салдат падышоў да маленькага акенца i пачаў глядзець скрозь жалезныя краты на вулiцу. Народ натоўпам валiў за горад, каб паглядзець, як будуць вешаць салдата. Бiлi барабаны, праходзiлi войскi. I вось мiма самай турмы прабег нейкi хлапчынка-шавец у скураным фартушку i чаравiках на босых нагах. Ён iмчаўся стрымгалоў, i раптам адзiн чаравiк зляцеў у яго з нагi i стукнуўся проста ў сцяну турмы, каля таго акенца ў кратах, ля якога стаяў салдат.

- Гэй, галубок, не спяшайся! - крыкнуў салдат. - Я яшчэ тут, а без мяне там нiчога не будзе. А вось калi ты збегаеш да мяне дадому i прынясеш мне крэсiва, я табе дам цэлых чатыры срэбраных манеткi. Ну, хутчэй! Бяры ногi ў рукi - i гайда!

Хлопчык быў не супроць атрымаць чатыры срэбраныя манеткi i стралой пусцiўся за крэсiвам, умiг прынёс яго, аддаў салдату i...

Вось паслухайце, што з гэтага атрымалася.

За горадам была пабудавана вялiкая шыбенiца. Вакол яе стаялi войскi i натоўпы народу. Кароль i каралева сядзелi на велiкапышным троне. Насупраць сядзелi суддзi i ўвесь дзяржаўны савет. I вось салдата вывелi на лесвiцу i кат ужо збiраўся накiнуць яму вяроўку на шыю.

Але тут салдат папрасiў хвiлiнку пачакаць.

- Мне вельмi хацелася б, - сказаў ён, - спалiць адну цыгарку - бо гэта будзе самая апошняя цыгарка ў маiм жыццi.



7 из 294