
- Што з вамi, бацька? - спалохалася Разалi.
- Нiчога, мiлая мая дачушка, нiчога.
- Вас так узрушыла мая просьба даць мне гэты ключык? Што ж такога страшнага ў гэтай хатцы?
- Разалi, - сказаў бацька, - ты сама не ведаеш, пра што пытаешся. Iдзi лепш пашукай сваю лейку ў шклярнiцы.
- Але, бацька, што ўсё ж такое ў той хатцы?
- Нiчога, што можа зацiкавiць цябе, Разалi.
- Але чаму тады вы ходзiце туды кожны дзень i нiколi не дазваляеце мне пайсцi разам з вамi?
- Разалi, ты ж ведаеш, што я не люблю пытанняў i што цiкаўнасць - вялiкая загана.
Разалi адразу змоўкла, але прызадумалася. Думка пра хатку, на якую яна раней не звяртала вялiкай увагi, нiяк не выходзiла ў яе з галавы.
"Што ж там можа такое быць? - думала яна. - I як мой бацька збялеў, калi я папрасiла ключык... Значыць, на яго думку, каб я ўвайшла туды, мяне магла б чакаць небяспека!.. Але чаму ж ён сам туды ходзiць амаль кожны дзень?.. Напэўна, ён носiць ежу якому-небудзь лютаму зверу, якога трымае там пад замком... Але каб гэта быў люты звер, я пачула б, як ён рыкае ды варушыцца, а з гэтай хаткi не чуваць нiводнага гуку... Значыць, гэта не звер! Дый ён даўно ўжо з'еў бы майго бацьку... калi толькi не прывязаны... Але ж каб ён быў прывязаны, дык i мне не было б нiякае небяспекi. Што ж тады там можа быць?.. Вязень!.. Але бацька ў мяне добры, ён нiколi не пазбавiў бы волi i долi бязвiннага чалавека!.. Я павiнна абавязкова знайсцi разгадку гэтае таямнiцы... Але як?.. Вось бы хоць на паўгадзiнкi ўзяць у бацькi той ключык! Можа, калi-небудзь ён яго забудзе..."
Гэтыя Разалiны разважаннi былi перапыненыя бацькам, якi клiкаў яе крыху незвычайным голасам.
- Я тут, бацька, - азвалася Разалi, - ужо iду!
I яна пабегла да бацькi. Калi яна падышла да яго, то заўважыла, што твар у бацькi бледны i вельмi занепакоены. Было адразу вiдаць, што ён нечым дужа ўсхваляваны. Гэта яшчэ больш азадачыла дзяўчынку, i яна вырашыла прыкiнуцца вясёлай i бесклапотнай, каб супакоiць бацьку, а потым завалодаць яго ключыкам, калi ён, можа, перастане пра яго ўвесь час думаць, убачыўшы, што Разалi i сама пра яго забыла.
