Яны селi абедаць, але бацька еў мала, ён увесь час маўчаў i быў сумны, хоць Разалi вельмi старалася ўдаваць вясёлай. Але ўрэшце сваёй весялосцю i бесклапотнасцю ёй удалося такi супакоiць бацьку, i ён забыў пра сваё хваляванне.

Праз тры тыднi Разалi павiнна было споўнiцца пятнаццаць гадоў, i бацька паабяцаў ёй зрабiць на свята прыемны сюрпрыз. I вось, калi прайшло яшчэ некалькi дзён i да дня нараджэння заставалася тыднi два, бацька аднойчы ранкам прыйшоў да Разалi i сказаў:

- Дарагое маё дзiця, я вымушаны на гадзiну ад'ехаць. Мне трэба падрыхтаваць падарунак на твой дзень нараджэння. Чакай жа мяне дома i будзь паслухмяная, не давай волi сваёй цiкаўнасцi. Праз два тыднi ты даведаешся пра ўсё, што табе хочацца ведаць: я ўмею чытаць твае думкi i знаю, што iх займае. Цяпер жа я з табою развiтваюся i яшчэ раз прашу: сцеражыся сваёй цiкаўнасцi.

Прудан ласкава пацалаваў дачку i пайшоў, але выгляд у яго быў такi, быццам яму вельмi не хацелася яе пакiдаць. Калi ён знiк з вачэй, Разалi пабегла ў бацькаў пакой, i якая ж была ў яе радасць, калi яна ўбачыла, што ключык ад хаткi ляжыць на стале!

Яна схапiла яго i хуценька пабегла ў глыбiню сада. Калi яна была ўжо каля самае хаткi, ёй прыгадалiся бацькавы словы: "Сцеражыся сваёй цiкаўнасцi". Яна завагалася i была гатовая ўжо занесцi ключык назад i не заходзiць у хатку, калi раптам адтуль даляцеў цiхi стогн. Яна прыпала вухам да дзвярэй i пачула, як нехта вельмi танюткiм галаском спявае:

- Я пад замком, гаротная,

Сяджу адна, самотная,

Загiну я ў няволi,

Не выйсцi мне нiколi.

"Цяпер усё ясна, - падумала Разалi, - там сядзiць нейкая няшчасная нябога, якую пасадзiў пад замок мой бацька".



3 из 66