- Гэтая Мыш, дачушка, - злая i магутная варажбiтка. А сам я - чарадзей Прудан. I калi ўжо ўсё роўна ты выпусцiла майго ворага, то цяпер я магу раскрыць табе праўду, якую мусiў хаваць пятнаццаць гадоў. Дык вось, як я ўжо сказаў, я чарадзей. А твая мацi была звычайная смяротная. Але яе добры характар i прыгажосць так спадабалiся каралеве феяў i каралю чарадзеяў, што яны дазволiлi мне з ёй ажанiцца. На вяселле я зладзiў вялiкi банкет, але на няшчасце забыў запрасiць на яго Мярзотную варажбiтку, якая i без таго вельмi злавалася, што я выбраў звычайную прынцэсу i не захацеў ажанiцца з яе дачкой. I таму яна прысягнулася люта адпомсцiць маёй жонцы i дзецям. Яе пагрозы мяне не спалохалi, бо я быў амаль такi сама магутны, як i яна, i апроч таго мяне вельмi любiла каралева феяў. Не раз я сваiмi чарамi не даваў здейснiцца помсце Мярзотнiцы. Але пасля твайго нараджэння твая мацi адчула сябе вельмi блага, i я быў няздольны ёй дапамагчы. На хвiлiну я адлучыўся, каб паклiкаць на дапамогу каралеву феяў.

А калi вярнуўся, тваёй мацi ўжо не было: злая варажбiтка скарысталася з маёй адсутнасцi i забiла яе, а цябе збiралася надзялiць найгоршымi заганамi ў свеце. На шчасце, маё вяртанне не дазволiла здейснiцца яе злым намерам. Я паспеў спынiць яе як раз у той момант, калi яна надзялiла цябе цiкаўнасцю. Праз сваю цiкаўнасць ты ў пятнаццаць год павiнна была падпасцi пад яе поўную ўладу. Але каралева феяў i я, злучыўшы нашу агульную магутнасць, здолелi ўраўнаважыць варажбiткiна злое наканаванне. Было вырашана, што ты падпадзеш пад варажбiткiну ўладу толькi тады, калi да пятнаццацi год тройчы саступiш сваёй цiкаўнасцi. Разам з гэтым рашэннем каралева феяў пакарала Мярзотнiцу, абярнуўшы яе ў шэрую мыш i зачынiўшы ў той хатцы, якую ты бачыла. Тады ж яна абвясцiла, што варажбiтка не зможа выйсцi з свайго вязення, пакуль ты, Разалi сама i па сваёй волi не адчынiш ёй дзверы; што яна не набудзе свайго ранейшага выгляду, пакуль ты тройчы да пятнаццацi год не саступiш цiкаўнасцi, а калi ты хоць раз устаiш перад гэтай заганай, то будзеш вызваленая назаўжды ад чараў Мярзотнае варажбiткi i вызвалiш ад iх мяне.



7 из 66