- Нiкуды я не пайду, - адказала Мыш, - але я магу схавацца ў цябе за абцасам, каб паглядзець, як твой бацька здагадаецца пра тваё непаслушэнства.

Ледзь толькi Мыш паспела схавацца ў Разалi за спiнай, як у пакой увайшоў Прудан. Ён зiрнуў на Разалi i заўважыў, што яна ўся бледная i вельмi спалоханая.

- Разалi, - сказаў Прудан дрыготкiм голасам, - я забыў узяць ключык ад хаткi. Ты знайшла яго?

- Так, бацька, вось ён, - адказала Разалi, вяртаючы ключык, i моцна пачырванела.

- А чаму тут разлiтае малако?

- Гэта кот, бацька, - сказала Разалi.

- Кот? - здзiвiўся бацька. - Няўжо кот мог зняць з агня поўны кацёл з малаком i разлiць яго пасярод пакоя?

- Не, бацька. Гэта я сама несла кацёл i выпадкова перакулiла яго.

Разалi гаварыла ледзь чутна i не асмельвалася зiрнуць на бацьку.

- Вазьмi дзяркач, - сказаў Прудан, - ды прыбяры ўвесь гэты бруд.

- Дзеркача болей няма, - прызналася дзяўчына.

- Няма дзеркача? Але ж калi я выходзiў, ён быў.

- Я спалiла яго, выпадкова, калi... калi...

Яна змоўкла. Бацька пiльна паглядзеў на яе, потым неспакойным вокам прабег па пакоi i паволi рушыў да хаткi ў садзе.

Разалi апусцiлася на крэсла i зарыдала. А Мыш сядзела моўчкi i нi разу не паварушылася. Праз колькi хвiлiн Прудан вярнуўся, на твары ў яго быў вялiкi спалох.

- Разалi, няшчасная, што ты зрабiла? - прамовiў ён. - Ты паддалася сваёй злачыннай цiкаўнасцi i выпусцiла на волю нашага сама лютага ворага!

- Бацька, даруйце мне, даруйце, - пачала прасiць Разалi i кiнулася бацьку ў ногi. - Я не ведала, што раблю так дрэнна.

- Так заўсёды бывае з тымi, хто не слухаецца, Разалi. Яны думаюць, што калi i робяць дрэнна, дык толькi трошкi, а ўрэшце прычыняюць вялiкае гора i сабе, i iншым.

- Але, бацька, што ж гэта за Мыш i чаму вы яе гэтак баiцеся? Калi яна такая магутная, то як вы маглi так доўга трымаць яе пад замком i чаму не можаце пасадзiць зноў?



6 из 66