
- Ды гэта я гляджу на свайго голуба, вунь сядзiць ён на страсе дома, нiбы са мной развiтваецца, - адказаў Гензель.
- Дурань ты, - сказала мачыха, - гэта зусiм не голуб твой, гэта ранiшняе сонца блiшчыць на вяршку трубы.
А Гензель усё кiдаў i кiдаў па дарозе хлебныя крошкi. Вось мачыха завяла дзяцей яшчэ далей у лес, дзе яны нi разу яшчэ не былi. Запалiлi зноў вялiкае вогнiшча, i кажа мачыха:
- Дзеткi, сядайце вось тут, а стомiцеся, дык паспiце крыху; а мы пойдзем у лес дровы секчы, а вечарам, як скончым работу, вернемся i возьмем вас дадому.
Калi надышоў поўдзень, падзялiлася Грэтэль сваёй лустай хлеба з Гензелем, - бо ён увесь свой хлеб пакрышыў i пакiнуў на дарозе. Пасля яны заснулi. Але вось ужо i вечар мiнуўся, i нiхто па няшчасных дзяцей не прыходзiў. Прачнулiся яны цёмнай ноччу, i пачаў Гензель суцяшаць сястрычку:
- Пачакай, Грэтэль, вось хутка месяц узыдзе, i пачнуць вiдаць хлебныя крошкi, што я апусцiў на дарогу, яны падкажуць нам дарогу дахаты.
Вось выплыў месяц, i дзецi рушылi ў шлях-дарогу, але хлебных крошак не ўбачылi, - тысячы птушак, што лётаюць у полi i ў лесе, усе iх падзяўблi. Тады Гензель i кажа Грэтэль:
- Мы ўжо як-небудзь ды знойдзем дарогу.
Але яны яе не знайшлi. Давялося iм iсцi ўсю ноч i ўвесь дзень, з ранiцы i да сама вечара, але выбрацца з лесу яны не маглi. Дзецi моцна захацелi есцi, бо яны нiчога не бралi ў рот, апроч ягад, што збiралi па шляху. Яны так стамiлiся, што ледзь-ледзь перастаўлялi ногi, i вось прылеглi яны пад дрэвам i заснулi.
Надышла ўжо трэцяя ранiца з таго часу, як пакiнулi яны бацькавую хацiну. Пайшлi яны далей. Iдуць i iдуць, а лес усё глыбей i цямней, i, калi б неўзабаве не падаспела помач, яны зусiм змаглiся б.
Вось наступiў поўдзень, i яны заўважылi на галiнцы беласнежную птушачку. Яна спявала так хораша, што яны запынiлiся i зачаравалiся яе спевам. Але нечакана птушачка замоўкла i, узмахнуўшы крыллямi, паляцела перад iмi, а яны пайшлi за ёю ўслед, i iшлi, пакуль нарэшце не дабралiся да хацiнкi, дзе птушачка села на страсе. Падышлi яны блiжэй, бачаць: зроблена хацiнка з хлеба, страха на ёй з пернiкаў, а ваконцы ўсе з празрыстага ледзянца.
