- Вось мы за яе i возьмемся, - сказаў Гензель, - i будзе ў нас слаўны пачастунак! Я ад'ем кавалак страхi, а ты, Грэтэль, бярыся за акенца, - яно, мусiць, вельмi салодкае.

Узабраўся Гензель на хацiнку i адламаў кавалачак страхi, каб пасмакаваць, якая яна, а Грэтэль падышла да акенца i пачала яго грызцi.

Раптам пачуўся з сярэдзiны чыйсьцi тоненькi галасочак:

- Хрусь ды хрумстна пад акном,

Хто грызе i точыць дом?

Дзецi адказалi:

- Гэта госць цудоўны,

Ветрык наш вандроўны.

I, не зважаючы, яны прадаўжалi аб'ядаць домiк. Гензель, якому вельмi спадабалася страха, адарваў ад яе вялiкi кавалак i скiнуў унiз, а Грэтэль выламала цэлае круглае шкло з ледзянца i, усеўшыся каля хацiнкi, пачала iм ласавацца.

Раптам адчынiлiся дзверы, i выйшла адтуль, абапiраючыся на мылiцу, вельмi старая бабуля. Гензель i Грэтэль так напужалiся, што выпусцiлi з рук ласунак. Пахiтала старая галавою i кажа:

- Э, мiлыя дзеткi, хто гэта вас сюды прывёў? Ну, калi ласка, заходзьце ў хацiнку, кепска вам тут не будзе.

Яна ўзяла iх абоiх за рукi i ўвяла ў сваю хацiну. Прынесла iм смачнай ежы - малака з блiнамi, пасыпанымi цукрам, яблыкаў i арэхаў. Пасля яна паслала дзве прыгожыя пасцелькi i накрыла iх белымi коўдрамi. Улеглiся Гензель i Грэтэль i палiчылi, што трапiлi, бадай, у рай.

Але старая толькi прыкiнулася такою добрай, а была яна на самай справе злая ведзьма, што падпiльноўвае дзяцей, i хацiнку з хлеба зладзiла для таго, каб лепш заманiць. Калi хто трапляў да яе ў рукi, яна таго забiвала, пасля варыла i з'ядала, i было гэта для яе святам. У ведзьмаў заўсёды бываюць чырвоныя вочы, i бачаць яны ўдалечыню слаба, але затое ў iх нюх, як у звяроў, i яны адчуваюць, калi чалавек блiзка.



5 из 237