
- Не перабрацца нам цераз яго, - засмуцiўся Гензель, - нiдзе не бачна нi кладачкi, нi мосцiка.
- Ды i лодачкi нiдзе не вiдаць, - уздыхнула Грэтэль, - а вунь плыве белая качачка; калi я яе папрашу, яна паспрыяе нам перабрацца на той бераг.
I папрасiла Грэтэль:
- Кача, качачка, хутчэй
Падплывi да нас яшчэ.
Няма сцежкi, няма кладкi
Перапраў нас неадкладна!
Падплыла качачка, сеў на яе Гензель i паклiкаў сястрычку, каб i яна села побач з iм.
- Не, - адказала Грэтэль, - качачцы будзе зацяжка; няхай перавязе яна спачатку цябе, а потым i мяне.
Так добрая качачка i зрабiла, i калi яны шчаслiва перабралiся на той бераг i пайшлi далей, дык лес пачаў iм усё больш знаёмець, i яны заўважылi нарэшце здалёку бацькоўскi дом. Тут з радасцi яны кiнулiся бегчы, ускочылi ў пакой i прыпалi да бацькi.
З таго часу як той звёў дзяцей у лес, не было ў яго нi хвiлiны вясёлага настрою, а жонка ягоная памерла. Апусцiла Грэтэль падол фартуха, i пасыпалiся на дол жэмчуг ды самацветы, а Гензель дастаў iх з кiшэнi жменяю.
I скончылася iхняя нястача i гора, i пачалi жыць яны шчаслiва ўсе разам.
Тут i казка запыняецца,
А вунь мышка наперад спяшаецца;
Хто зловiць яе, той
Пашые сабе шапку скураную,
Ды вялiкую, не малую.
ШЭСЦЬ ЛЕБЕДЗЯЎ
Паехаў аднойчы кароль на паляванне ў вялiкi глухi лес; без стомы ганяўся ён за звярамi, i нiхто з яго людзей не мог за iм паспець. А тут ужо добра такi звечарэла; прытрымаў тады кароль свайго каня, азiрнуўся i бачыць, што заблудзiўся. Давай ён шукаць дарогу, але знайсцi нiяк не можа.
I вось убачыў ён у лесе бабульку, галава ў яе аж траслася ад старасцi; а iшла яна проста насустрач яму, i была то ведзьма.
- Бабуля, - звярнуўся кароль да яе, - цi не маглi б вы паказаць мне дарогу з лесу?
- О, так, ваша ягамосць кароль, - адказала яна, - я гэта магу, але пры адной умове, калi вы не выканаеце яе, то не выйсцi вам з лесу нiколi i загiнеце вы тут ад голаду.
