
Ранiчкай Грэтэль павiнна была падняцца, выйсцi на двор, пачапiць кацёл з вадою i раскласцi агонь.
- Спачатку мы спячом хлеб, - сказала старая, - я ўжо выпалiла печ i замясiла цеста. - Яна штурхнула бедную Грэтэль да самай печы, адкуль ледзь не апалiла яе пякельным полымем.
- Ну, лезь у печ, - загадала ведзьма, - ды паглядзi, цi добра яна напаленая, цi не час булкi туды падаваць.
Толькi паспрабавала Грэтэль лезцi ў печ, як ужо старая тут жа наладзiлася зачынiць яе там засланкай, каб Грэтэль засмажыць, а потым i з'есцi. Ды Грэтэль здагадалася, што задумала старая, i кажа:
- Ды я не ведаю, як гэта зрабiць, як мне туды залезцi.
- Вось дурная гуска, - незадаволена сказала старая, - глядзi, якiя вялiкiя чалеснiкi, я i то магу туды залезцi, - i яна ўзабралася на прыпек i засунула галаву ў печ.
Тут Грэтэль як пiхне ведзьму, ды так, што тая апынулася ў самым полымi. Хуценька Грэтэль прыкрыла печ жалезнай засланкаю i заперла на засаўку. У-ой як страшэнна завыла ведзьма! А Грэтэль пабегла; i згарэла ведзьма-душагубка ў страшэннай пакуце.
Кiнулася Грэтэль хутчэй да Гензеля, адчынiла хлеў i ўсклiкнула:
- Гензель, мы выратаваныя: старая ведзьма згiнула!
Выiмчаў Гензель з хлява, быццам птушка з клеткi, калi адчыняць перад ёй дзверцы. Як узрадавалiся яны, як кiнулiся адно да аднаго, як скакалi яны ад уцехi, як моцна яны цалавалiся! I паколькi iм не было чаго цяпер баяцца, дык яны ўвайшлi ў ведзьмiну хацiну, а стаялi там усюды па кутах куфэркi з жэмчугам i каштоўнымi каменьчыкамi.
- Гэтыя, бадай, будуць лепшыя за нашыя пясчанiкi, - сказаў Гензель i напоўнiў самацветамi поўныя кiшэнi.
- Мне таксама хочацца што-небудзь прынесцi дадому, - прамовiла Грэтэль i насыпала каменьчыкаў у фартух.
- Ну, а цяпер бяжым хутчэй адсюль, - сказаў Гензель, - бо нам трэба яшчэ выбрацца з ведзьмiнага лесу.
Вось прайшлi яны подбегам гадзiны са дзве i натрапiлi нарэшце на вялiкае возера.
