
Калi пачынаўся дождж, Пэдрыта натапырваў пёры i цiхенька нешта сам сабе баяў. Калi ж ладзiлася пагода, ён лётаў ды крычаў на ўсё горла.
Як бачым, гэта быў зусiм шчаслiвы папугай. I апроч таго, што ён быў вольны, як гэтага хочуць усе птушкi, ён, як заможныя людзi, таксама а пятай гадзiне пiў чай.
I вось, пры ўсiм гэтым шчасцi, здарылася так, што адным дажджлiвым надвячоркам пасля пяцi дзён безупыннай залевы ўрэшце выглянула сонца i Пэдрыта залётаў паўсюль ды загарлапанiў:
- Якi цудоўны дзянёк, папугайчык!.. Смачная каша!.. Лапу, Пэдрыта!
I паляцеў ён далёка-далёка, аж пакуль не ўбачыў пад сабой унiзе раку Парану, якая была падобная на шырокую белую стужку. А ён ляцеў i ляцеў, пакуль нарэшце не сеў адпачыць на дрэва.
I раптам ён убачыў праз галiнкi, што на зямлi блiшчаць два зялёныя агеньчыкi, быццам два вялiзныя светлякi.
"Што гэта? - падумаў папугай. - "Смачная каша!", "Што гэта будзе?", "Дзень добры, Пэдрыта!.."
Папугай заўсёды гаварыў так, як гавораць усе папугаi, - бязладна блытаючы словы, i часам яго цяжка было зразумець. Апроч таго ён быў вельмi цiкаўны i, пераскокваючы з галiнкi на галiнку, пачаў падсоўвацца ўсё блiжэй i блiжэй. I раптам убачыў, што тыя два агеньчыкi - гэта вочы вялiкага ягуара, якi ўвесь напружыўся i пiльна глядзiць на яго.
Але Пэдрыта быў такi задаволены пагодным днём, што зусiм не спалохаўся.
- Дзень добры, ягуар! - сказаў ён. - "Лапу, Пэдрыта!"
А ягуар адказаў яму страшным хрыпатым голасам:
- Дзе-нь-доб-ры!
- Дзень добры, ягуар! - паўтарыў папугай. - "Смачная каша!.. смачная каша!.. смачная каша!.."
Ён паўтарыў столькi разоў "смачная каша", таму што было ўжо чатыры гадзiны i яму вельмi хацелася папiць чаю з малаком. Папугай забыў, што лясныя звяры не п'юць чаю з малаком, i таму запрасiў пачаставацца i ягуара.
