Вось так у фламiнгаў былi раней белыя ногi, а цяпер сталi чырвоныя. Усе рыбы ведаюць гэтую гiсторыю i смяюцца з неразумных птушак. Але фламiнгi, студзячы ў вадзе свае ногi, не выпускаюць выпадку, каб адпомсцiць насмешнiцам, i глытаюць кожную рыбку, якая падплыве надта блiзка, каб з iх пасмяяцца.

АБСКУБЕНЫ ПАПУГАЙ

Жыла ў лесе чарада папугаяў. На досвiтку яны ляталi на поле паласавацца маладымi кiяхамi кукурузы, а надвячоркам дзяўблi апельсiны. Сваiмi крыкамi яны ўтваралi страшэнны гвалт, але заўсёды на сама высокiм дрэве ў iх сядзеў папугай-вартаўнiк, якi пiльнаваў, цi не крадзецца хто-небудзь.

Папугаi - такiя самыя шкоднiкi, што й саранча, бо калi яны дзяўбуць кiяхi, яны раздзiраюць iх, а потым, у дождж, кiяхi гнiюць. А таму што смажаныя папугаi вельмi смачныя, пеоны (так называюць сялян у Лацiнскай Амерыцы) палююць на iх.

I вось аднойчы адзiн чалавек стрэлiў ды збiў вартавога папугая, якi, нават паранены, доўга яшчэ не даваў сябе ўзяць. Потым пеон занёс яго гаспадаровым дзецям, а дзецi вылечылi яго, бо ў папугая было перабiтае толькi адно крыло. Вельмi хутка папугай ачуняў i зрабiўся зусiм свойскi. Назвалi яго Пэдрыта. Ён навучыўся падаваць лапу, i яму вельмi падабалася сядзець у людзей на плячы i дзюбаю казытаць iм за вухам.

Жыў ён вольна i амаль цэлы дзень бавiў на апельсiнавых дрэвах ды эўкалiптах у садзе. А яшчэ яму падабалася смяяцца з курэй. Калi ж надвячоркам, а чацвёртай цi пятай гадзiне, дома пiлi чай, папугай таксама заходзiў у сталовую i, дапамагаючы сабе дзюбай i лапамi, узлазiў па абрусе на стол паесцi размочанага ў малацэ хлеба. А болей за ўсё ён любiў чай з малаком.

Пэдрыту вельмi падабалiся дзецi, i яны расказвалi яму столькi рознага, што ўрэшце папугай навучыўся гаварыць. Ён казаў: "Добры дзень, папугайчык!", "Смачная каша!..", "Каша для Пэдрыты!". Казаў ён i яшчэ сёе-тое, ды лепей пра гэта не згадваць, бо папугаi, як i дзецi, вельмi лёгка запамiнаюць паганыя словы.



9 из 49