- Дзе ж гэта Пэдрыта? - казалi яны i клiкалi. - Пэдрыта! Смачная каша! Пэдрыта! Пэдрыта! Чай з малаком!

Але Пэдрыта й дзюбы не высоўваў са сваёй пячоры, ён ляжаў цiха, моўчкi i нiчога не адказваў. Яго шукалi паўсюль i нiдзе не маглi знайсцi. I тады ўсе падумалi, што Пэдрыта загiнуў. I дзецi заплакалi.

Кожны дзень, надвячоркам, калi наставаў час пiць чай, яны ўспамiналi папугая i прыгадвалi, як яму падабаўся хлеб, размочаны ў чаi з малаком. Бедны Пэдрыта! Яны ўжо нiколi яго не ўбачаць, бо ён нежывы.

Але Пэдрыта не памёр, ён сядзеў у сваёй пячоры, нiкому не паказваючыся, бо яму было вельмi сорамна, што яго абскублi як нейкае мышанё. Ён вылазiў толькi ўначы, каб пад'есцi, i тут жа вяртаўся назад. А на досвiтку асцярожна вылазiў зноў i ляцеў паглядзецца ў кухарчынае люстэрка. Але пер'е расло марудна, i гэта кожны раз вельмi яго засмучала.

I вось нарэшце настаў дзень цi вечар, калi ўся сям'я, сабраўшыся за сталом, пiла чай, i раптам усе ўбачылi Пэдрыту. Нiбыта нiчога i не здарылася, той, спакойна перавальваючыся з нагi на нагу, увайшоў у пакой.

- Пэдрыта, папугайчык! - закрычалi яму. - Што з табою здарылася, Пэдрыта?! I якiя блiскучыя ў цябе пёры!

Нiхто не ведаў, што пёры ў Пэдрыты - новыя. А Пэдрыта напусцiў на сябе вельмi сур'ёзны выгляд i не адказваў нi слова. Ён еў намочаны ў чаi з малаком хлеб i ўвесь час маўчаў.

Тым большае было здзiўленне ў гаспадара дома, калi ранкам наступнага дня папугай падляцеў i, безупынна балбочучы, сеў яму на плячо. За дзве хвiлiны ён расказаў гаспадару ўсё, што з iм адбылося: i як ён лятаў у Парагвай, i як сустрэўся з ягуарам, i ўсё астатняе. I ледзь не кожную фразу ён канчаў, напяваючы:

- Нi пёрка ў хвасце ў Пэдрыты! Нi пёрка! Нi пёрка!

А потым ён прапанаваў гаспадару пайсцi ўдвух папаляваць на ягуара.

Гаспадар дома якраз збiраўся ў той час купляць ягуаравую шкуру, якую хацеў павесiць над камiнам. Таму ён вельмi ўзрадаваўся, што зможа займець яе задарма. Ён зайшоў у хату, узяў стрэльбу i разам з Пэдрытам выправiўся ў Парагвай. Яны дамовiлiся, што Пэдрыта, убачыўшы ягуара, адцягне яго ўвагу сваёй балбатнёй, а чалавек тым часам зможа асцярожна падкрасцiся да яго са стрэльбай.



12 из 49