Так яны i зрабiлi. Папугай сеў на галiну на высокiм дрэве i пачаў балбатаць ды балбатаць, паглядаючы па баках, цi не вiдаць дзе ягуара. I вось пачуўся нарэшце трэск разламанага вецця, i пад самым дрэвам папугай раптам убачыў два ўтаропленыя на яго зялёныя агеньчыкi: гэта былi ягуаравы вочы.

Тут папугай закрычаў яшчэ гучней:

- Цудоўны дзянёк!.. Смачная каша!.. Смачны чай з малаком!.. Хочаш чаю?

Ягуар быў страшна раз'юшаны, убачыўшы, што перад iм той самы абскубены папугай, якога ён лiчыў нежывым i якi раптам зноў узяўся аднекуль з такiмi прыгожымi новымi пёрамi. I ён пакляўся, што гэты раз папугай ужо не ўцячэ! Яго вочы заiскрылiся гнеўнымi маланкамi, i ён адказаў хрыплым голасам:

- Па-ды-дзi блi-жэй! Не чу-ю!

Папугай зляцеў нiжэй i зноў закрычаў:

- Смачна, хлеб з малаком! Ён тут пад дрэвам!

Пачуўшы гэтыя словы, ягуар страшна рыкнуў i ўскочыў на лапы.

- З кiм ты га-во-рыш? - прахрыпеў ён. - Ка-му ты ска-заў, што я тут пад дрэ-вам?

- Нiкому, нiкому! - засакатаў папугай. - Дзень добры, Пэдрыта! Лапу, папугайчык!

Не змаўкаючы нi на хвiлiну, ён пераскокваў з галiны на галiну i падсоўваўся ўсё блiжэй да ягуара. А тое, што ён тут пад дрэвам, папугай крыкнуў, каб папярэдзiць чалавека, якi, прыгнуўшыся, цiшком падкрадаўся са стрэльбаю на плячы.

Але ўрэшце папугай ужо не мог болей наблiжацца да ягуара, iначай ён трапiў бы яму ў самую пашчу. I тады ён крыкнуў:

- Смачная каша!.. Увага!

- Яш-чэ блi-жэй! - зароў ягуар i выгнуўся для скачка.

- Смачна, чай з малаком!.. Асцярожна, ён зараз скочыць!

I ягуар сапраўды скочыў. Ён скочыў вельмi высока, але папугай стралой узляцеў у паветра i не даў сябе зачапiць. А ў гэтае самае iмгненне чалавек абапёрся руляю стрэльбы аб дрэва, каб ямчэй было цэлiць, нацiснуў на курок, i дзевяць шрацiнак велiчынёю з гарошыну кожная маланкаю ўпiлiся ў ягуарава сэрца. Ягуар зароў так, што ажно скаланулiся горы, i потым упаў нежывы.



13 из 49