
Другi кайман таксама пачуў шум, i яны зараз жа пабудзiлi астатнiх. Усе перапалохалiся, забегалi, задраўшы хвасты.
Iх неспакой быў недарэмны, бо шум усё мацнеў i мацнеў. I неўзабаве яны ўбачылi ўдалечынi нешта падобнае да воблачка дыму. Адтуль даносiўся гук, быццам нехта вельмi далёка пляскаў па вадзе: "плясь-плясь!"
Кайманы пераглянулiся: што гэта можа быць?
Тады адзiн стары i мудры кайман, - найстарэйшы i наймудрэйшы з усiх, у якога ў роце засталося толькi два цэлыя зубы i якi аднойчы хадзiў у вандроўку аж да самага мора, - раптам сказаў:
- Я ведаю, што гэта! Гэта кiт! Яны вельмi вялiкiя i выпускаюць белую ваду праз нос. А потым вада ападае ў iх ззаду.
Пачуўшы гэта, маленькiя кайманчыкi так перапалохалiся, што ўзнялi страшны лямант i пахавалi галовы ў ваду. Яны крычалi:
- Гэта кiт! Сюды плыве кiт!
Але стары кайман наставiў хвост на блiжэйшага кайманчыка i крыкнуў:
- Не бойцеся! Я ведаю кiта! Ён сам нас баiцца! Яшчэ як баiцца!
Гэтыя словы супакоiлi маленькiх кайманаў. Але неўзабаве яны зноў перапалохалiся, бо шэры дым раптам змянiўся на чорны i плясканне пачулася зусiм блiзка. Перапалоханыя кайманы нырнулi ў раку i высунулi з вады толькi вочы i кончыкi носа. I тут яны ўбачылi, як паўз iх, гучна пляскаючы па вадзе, праплывае нейкая дзiўная, ахутаная дымам аграмадзiна. Гэта быў колавы параход, якi ўпершыню з'явiўся на iхняй рацэ.
Параход праплыў i знiк удалечынi. Кайманы адразу павылазiлi на бераг i былi вельмi незадаволеныя старым кайманам: ён жа iм схлусiў, сказаўшы, што гэта кiт.
- Гэта не кiт! - закрычалi яны старому ў самае вуха, бо кайман быў трошкi глухi. - Але што ж гэта такое?
Тады стары кайман патлумачыў iм, што гэта быў параход, напоўнены агнём, i што ўсе кайманы загiнуць, калi гэты параход пачне плаваць тут увесь час.
Але кайманы толькi пасмяялiся, падумаўшы, што стары, напэўна, здурнеў. З чаго гэта iм памiраць, калi тут пачне хадзiць параход? У старога каймана, вiдаць, проста клёпкi ў галаве не хапае!
