
А папугай - як ён крычаў ад радасцi! Ён быў страшна задаволены, што адпомсцiў - дый як адпомсцiў! - ненавiснаму зверу, якi выдраў у яго пер'е.
I чалавек таксама застаўся задаволены, бо забiць ягуара цяжкая справа, дый апроч таго ў яго цяпер была шкура, якую ён мог павесiць над камiнам у сталовай.
Калi яны вярнулiся дадому, усе нарэшце змаглi даведацца, чаму Пэдрыта так доўга хаваўся ў дупле. I ўсе павiншавалi яго з мужным учынкам.
З той пары яны зажылi вельмi шчаслiва. Але папугай не забываў той гiсторыi з ягуарам, i кожны дзень, надвячоркам, прыляцеўшы ў сталовую папiць чаю, ён падыходзiў да ягуаравай шкуры, што вiсела над камiнам, i запрашаў яе да стала.
- Смачная каша! - казаў ён. - Хочаш чаю з малаком?.. Каша для ягуара!..
I ўсе ажно заходзiлiся ад смеху. I Пэдрыта разам з усiмi.
ВАЙНА КАЙМАНАЎ
У адной вельмi вялiкай рацэ, у адным вельмi пустэльным краi, куды нiколi не пранiкаў чалавек, жыло шмат кайманаў. Было iх болей за сто, а мо нават i тысячу. Яны елi рыб, часам падпiльноўвалi жывёл, якiя прыходзiлi да ракi напiцца, але болей iм усё ж падабалiся рыбы. Пасля абеду яны спалi на пясчаным беразе, а ў месяцавыя ночы часам забаўлялiся, бегаючы па вадзе.
Жылi яны спакойна й шчаслiва. Але аднойчы надвячоркам, калi ўсе ўжо спалi на беразе, адзiн кайман нечакана прачнуўся i прыўзняў галаву - яму падалося, што ён пачуў шум. Ён прыслухаўся i напраўду пачуў глыбокi i глухi гук. Тады ён клiкнуў каймана, якi спаў побач.
- Прачнiся! - сказаў ён. - Iдзе небяспека.
- Што такое? - занепакоена спытаўся сусед.
- Не ведаю, - адказаў кайман, якi прачнуўся першы. - Я чую нейкi незразумелы шум.
