"А цяпер, - падумаў чалавек, - пачастуюся я чарапахай. У яе такое смачнае мяса!"

Але, падышоўшы да чарапахi, ён убачыў, што яна параненая, i галава ў яе амаль адарваная ад шыi i вiсiць усяго на двух-трох пасмачках.

Забыўшыся на голад, чалавек пашкадаваў няшчасную чарапаху. Ён зацягнуў яе вяроўкаю да свайго будана i перавязаў ёй анучкамi галаву. А каб зрабiць анучкi, яму давялося разадраць сваю кашулю, бо была ў яго толькi адна кашуля i нiякiх iншых ануч. Чарапаха была аграмадная, велiчынёю з крэсла i важыла як дарослы мужчына. Таму, пакуль чалавек прыцягнуў яе, ён вельмi стамiўся.

Чарапаха зашылася ў куточак i нерухома ляжала там цэлымi днямi. А чалавек штодзень лячыў яе i пяшчотна пляскаў па спiне.

I вось нарэшце чарапаха паправiлася. Але тут захварэў чалавек. У яго была гарачка, i яму ламала ўсё цела.

А потым ён зусiм ужо не мог устаць. Гарачка ўвесь час мацнела, а горла аж гарэла ад смагi. Чалавек зразумеў, што цяжка захварэў, i, хоць быў адзiн, прамовiў уголас, бо пачынаў ужо трызнiць:

- Я памру, - сказаў чалавек. - Я адзiн i ўжо не магу ўстаць, i няма нiкога, хто падаў бы мне вады. Я памру ад смагi i голаду.

Неўзабаве гарачка яшчэ болей памацнела, i ён страцiў прытомнасць. Але чарапаха чула яго i зразумела, што сказаў паляўнiчы. Тады яна падумала:

"Тым разам чалавек пашкадаваў мяне i не з'еў, хоць быў галодны. Ён вылечыў мяне, а цяпер я яго буду лячыць".

Яна пайшла да затокi, знайшла панцыр маленькай чарапашкi, добра пашаравала яго пяском i попелам, набрала ў яго вады i напаiла чалавека, якi ляжаў на коўдры i памiраў ад смагi. Потым яна назбiрала смачных карэньчыкаў, сакавiтых зёлак i прынесла iх чалавеку, каб той паеў. I чалавек еў, не ведаючы, хто яго кормiць. Ён увесь час трызнiў з гарачкi i нiкога не пазнаваў.

Шторанiцы чарапаха абыходзiла лес, шукаючы пажыўных карэньчыкаў, i кармiла iмi чалавека. Яна вельмi шкадавала, што не можа залезцi на дрэвы i прынесцi яму пладоў.



2 из 49