
А паляўнiчы еў i не ведаў, хто дае яму ежу. Але аднойчы ён апрытомнеў. Ён пачаў азiрацца i ўбачыў, што зусiм адзiн, бо нiкога ў лесе, апроч яго ды чарапахi, не было. Тады ён iзноў прамовiў уголас:
- Я адзiн-адзiнюткi ў лесе! Лiхаманка вернецца зноў, i я памру, бо толькi ў Буэнас-Айрэсе ёсць лекi, якiя дазволяць мне ачуняць. Але я не змагу дайсцi да Буэнас-Айрэса i сканаю тут у самоце.
Як ён i казаў, лiхаманка пад вечар вярнулася, ды яшчэ мацнейшая, чым раней. I ён зноў страцiў прытомнасць.
Але чарапаха пачула яго i гэты раз i зноў падумала:
"Калi ён застанецца ў лесе, дык памрэ, бо тут няма лекаў. Я павiнна занесцi яго ў Буэнас-Айрэс".
Сказаўшы гэтак, яна зрэзала тонкiя i моцныя, як вяроўкi, лiяны, асцярожненька ўсклала чалавека сабе на спiну i, каб не ўпаў, моцна прывязала яго лiянамi. Ёй давялося праявiць добрую кемнасць, каб прыладзiць стрэльбу, шкуры i арэх са змеямi ды не патрывожыць пры гэтым паляўнiчага. Але ўрэшце ўсё атрымалася, як яна хацела, i яна рушыла ў дарогу.
Нагрузiўшыся, чарапаха йшла ды йшла ўдзень i ўначы. Яна мiнала лясы, палi, пераплывала рэкi шырынёю на цэлую мiлю, прабiралася праз балоты, у якiх ледзь не танула, трымаючы на сабе чалавека, якi ўжо амаль памiраў.
Праз кожныя восем цi дзесяць гадзiн хады яна спынялася, развязвала лiяны i асцярожна клала чалавека на зямлю, выбiраючы сушэйшае месца. Потым шукала ваду i мяккiя карэньчыкi i давала iх хвораму. I сама яна таксама ела, хоць была такая стомленая, што лепей бы ёй было паспаць.
Часам ёй даводзiлася iсцi па самым санцапёку. Стаяла лета, а паляўнiчы быў у такой гарачцы, што ўвесь час трызнiў i памiраў ад смагi. Тады ён пачынаў крычаць: "Вады! Вады!" - i чарапаха давала яму напiцца.
Так яна iшла - дзень за днём, тыдзень за тыднем.
Кожны дзень яны былi ўсё блiжэй да Буэнас-Айрэса, але з кожным днём чарапаха слабела, з кожным днём у яе менела сiлы, хоць яна не скардзiлася. Часам яна падала зусiм знямоглая, але тады чалавек, на хвiлiну апрытомнеўшы, уголас казаў:
