На другi дзень дзецi раненька пайшлi паглядзець на свайго новага госця, якi маркотна сядзеў у невялiчкай клетцы.

- Як мы яго назавём? - спытала дзяўчынка ў брацiка.

- Я ўжо прыдумаў! - адказаў хлопчык. - Мы назавём яго Семнаццаць!

Чаму Семнаццаць? Нiколi не было яшчэ лясной жывёлiны з такiм дзiўным iмем. Але хлопчык вучыўся лiчыць, i яго, напэўна, нечым прывабiў гэты лiк.

Як бы там нi было, а маленькага каацi назвалi Семнаццаць. Яму прынеслi хлеба, вiнаграду, шакаладу, мяса, крэветак i яек - вельмi смачных курыных яек. I яшчэ iм удалося вельмi хутка вылечыць яго - так, што ўжо праз дзень ён перастаў чухаць сабе галаву. Пяшчота дзяцей была такою вялiкай i шчырай, што, калi зноў наступiла ноч, каацi ўжо амаль змiрыўся са сваiм палонам. Ён толькi i думаў пра тыя ласункi, якiя еў цэлы дзень, i ўспамiнаў пра бялявых дзяцей чалавека, якiя былi такiя вясёлыя i добрыя.

Дзве ночы запар сабака спаў так блiзка да клеткi, што, на вялiкi жаль, сям'я палоннiка не магла да яго падысцi. Калi ж на трэцюю ноч яны зноў падкралiся, спадзеючыся знайсцi напiльнiк i выпусцiць на волю маленькага каацi, ён сказаў:

- Мама, я ўжо не хачу сыходзiць адсюль. Мне даюць яйкi, i ўсе са мной вельмi добрыя. Сёння мне сказалi, што, калi я добра буду сябе паводзiць, мяне хутка выпусцяць. Яны такiя ж, як мы. Яны таксама маленькiя дзецi, i мы разам гуляем.

Дзiкiя каацi вельмi засмуцiлiся, але ўрэшце, змiрыўшыся, паабяцалi каацiку прыходзiць да яго кожную ноч.

I праўда, кожную ноч, нават калi лiў дождж, мама i брацiкi прыходзiлi да маленькага каацi i бавiлi разам з iм трошкi часу. Каацiк прасоўваў iм праз драцяную сетку хлеб, i дзiкiя каацi сядзелi i елi хлеб перад клеткаю.

Так мiнула два тыднi. Каацi хадзiў ужо вольны i нанач сам iшоў у клетку. Калi не лiчыць, што часам яго тузалi за вуха, - за тое, што ён надта блiзка падыходзiў да куратнiка, - усё астатняе iшло добра. I ён, i дзецi вельмi ўпадабалi адно аднаго. Нават дзiкiя каацi, убачыўшы, якiя добрыя ў чалавека дзецi, таксама iх палюбiлi.



32 из 49