
- Добра, бярыце, - адказаў бацька. - Але добра даглядайце за iм, i сама галоўнае - не забывайцеся, што каацi, як i вы, п'юць ваду.
Ён казаў гэта таму, што раней у дзяцей быў лясны кот, якому яны ўвесь час цягалi мяса з халадзiльнiка, а вады не давалi, i ён здох.
I вось цяпер каацi запусцiлi ў тую самую клетку, у якой раней жыў лясны кот i якая стаяла каля куратнiка. А самi зноў пайшлi спаць.
Мiнула поўнач, i вакол апала глыбокая цiшыня. Але маленькi каацi, якi вельмi пацярпеў ад зубоў пасткi, не мог заснуць. I раптам ён убачыў у месяцавым святле тры невялiкiя ценi, якiя асцярожна падкрадалiся да яго. Сэрца ў няшчаснага каацiка затрымцела, бо ён пазнаў маму i сваiх двух братоў, якiя яго шукалi.
- Мама, мама! - паклiкаў палоннiк вельмi цiхенька, каб не нарабiць шуму. Я тут! Вызвалiце мяне! Я не хачу тут заставацца, ма... ма...
I ён несуцешна заплакаў.
Нягледзячы на ўсё, што здарылася, каацi былi задаволеныя, бо яны такi знайшлi адно аднаго i лашчылiся цяпер пысамi.
Яны адразу паспрабавалi вызвалiць палоннiка. Дзеля гэтага яны спачатку вырашылi былi перагрызцi драцяную сетку, i ўсе чацвёра накiнулiся на яе зубамi. Але ў iх нiчога не выйшла. I тады маме прыйшла ў галаву адна добрая думка. I яна сказала:
- Давайце пашукаем чалавекаў рыштунак! У людзей ёсць такiя прылады, каб перакусваць жалеза. Яны завуцца напiльнiкi. У iх тры бакi, як скура ў грымучай змяi, i iмi водзяць сюды-туды. Хадземце пашукаем!
Яны пайшлi ў чалавекаву майстэрню i вярнулiся адтуль з напiльнiкам. Разумеючы, што аднаму сiлы не хопiць, яны ўзялiся за напiльнiк утраiх, i праца пачалася. Яны так захапiлiся, што нават не заўважылi, што ўся клетка ўжо дрыжыць, трасецца i страшна грымiць. Яны нарабiлi такога грукату, што сабака нарэшце прачнуўся i хрыпла забрахаў. Але каацi вырашылi не чакаць, пакуль iх папросяць растлумачыць прычыну такога скандалу, i, кiнуўшы напiльнiк, уцяклi ў лес.
