
"Высакародны... - разважаў ён, - i слова нейкае пошлае! Трэба загартоўваць волю. У каханнi - хто не ўмее ўзяць верх, таго растопчуць. Але ўсё ж часам так прыемна... уступiць, быць слабейшым, шукаць сваё шчасце ў шчасцi другога".
Зрэдку, раздзеленыя ўсё даўжэйшымi iнтэрваламi, вярталiся ў гараж запозненыя машыны.
"Шукаць сваё шчасце ў шчасцi другога? А што ж? Хiба гэта немагчыма? Хто прымушае яго быць жорсткiм? Хiба кожны чалавек не мае права ў любую хвiлiну перайначыць сваё жыццё? I, стаўшы iншым, хiба ён знойдзе сабе лепшага сябра, чым Iрэн? Iрэн... такая прывабная ў сваёй адзiнай выходнай сукенцы, у зацыраваных панчохах, у паношаным плашчыку... Iрэн, такая прогожая i такая бедная. I такая велiкадушная ў сваёй беднасцi. Колькi разоў ён бачыў, як яна дапамагала расейскiм студэнтам, бяднейшым за яе, ратавала iх ад галоднай смерцi. Шэсць дзён у тыдзень яна працуе ў краме, а яе ж да Рэвалюцыi выхоўвалi, як прынцэсу. I нiколi не скардзiцца... Iрэн... I ён мог таргавацца з ёю за дробязь? Адмовiць ёй у мiлых забавах? Сапсаваць ёй цэлы вечар?"
З грукатам, аж задрыжалi шыбы, праiмчаўся апошнi аўтобус. I болей нiякi шум не парушаў начной цiшынi. Бернар усё яшчэ змагаўся з бяссоннiцай. Раптам душа яго азарылася ў натхненнi. Ён прыняў важнае рашэнне: прысвяцiць сябе шчасцю Iрэн. Ён будзе ёй лепшым сябрам, ласкавым, пакорным. Так, пакорным. Гэта думка супакоiла нервы, i ён неўзабаве заснуў.
* * *
Назаўтра ранiцай ён прачнуўся ў вясёлым настроi, ускочыў i пачаў апранацца, напяваючы песню. Такога не было з iм з часоў юнацтва.
