
- На поўднi Францыi i Iталii жанчыны не гуляюць у тэнiс. Яны стаяць каля сваiх дамоў i глядзяць на прахожых. Калi ў iх пытаюцца i памыляюцца, яны гавораць: "Пайшоў ты..."
"Пайшоў ты" Мiлес вымавiў неяк камiчна.
- Калi ж памылкi не адбылося, яны гавораць: "Заходзь".
Аднак слова "заходзь" Мiлес сказаў амаль шэптам i зусiм не камiчна. Сiместр хацеў быў спынiць Мiлеса, але стрымаўся. Абедзве жанчыны пачырванелi.
- Яны не займаюцца спортам, - гаварыў далей Мiлес нiбы сам сабе, - яны пяшчотныя i крыху мяккiя, як вераснёўскiя абрыкосы. У iх няма клубаў, затое ёсць мужчыны цi адзiн мужчына. Увесь свой вольны час яны бываюць на сонцы, i iх скура пахне сонцам. Голас у iх слабы. Яны нiколi не гавораць "хэло".
I меланхалiчна дадаў:
- Праўда, гэта ангельскае слова. Як бы там нi было з тымi паўднёвымi жанчынамi, якiх я ведаў, iх я люблю больш, чым праклятых зануд з iх клубамi, гольфам i эмансiпацыяй.
I ён налiў сабе каньяку. Настала няёмкая паўза. Сiместр дарэмна шукаў якой-небудзь смешнай фразы. Маргарэт пакрыўджана глядзела на мужа. Ён падняў вочы:
- Не трэба крыўдаваць, Маргарэт. У 1944-м я цябе не ведаў.
- Але ж ты не павiнен нам расказваць пра сваiх дзевак, Мiлес. Спадзяюся, што нашы сябры прабачаць...
Але Мiлес не слухаў яе. Ён устаў i, узяўшы бутэльку, пакiраваў у глыбiню парку. Далей ад тэнiса, галасоў, твараў. Ён трохi хiстаўся, аднак яму было прыемна. Яшчэ лепш стала, калi ён лёг i зямля закружылася пад iм, нiбы ваўчок. Велiзарны ваўчок, ад якога пахла сухiм сенам. Зямля ўсюды пахне аднолькава смачна. Мiлес прыплюшчыў вочы i ўдыхнуў далёкi знаёмы пах, пах горада i мора, што лашчыла гарадское прыбярэжжа, пах порта.
Дзе ж гэта было? У Неапалi цi ў Марселi? Разам з амерыканцамi Мiлес удзельнiчаў у абедзвюх ваенных кампанiях.
