
Сам iсцi ён не змог. Яго занеслi на хутар, якi спачатку здаўся яму вельмi няўтульным. Балелi ногi, i было страшна ад думкi, што ён не зможа хадзiць, гуляць, як калiсьцi, у тэнiс, гольф. Ён усё паўтараў хiрургу: "У нашым коледжы мне не было роўных у гольфе". Мiлесу было 22 гады. Яго загiпсавалi i ўладкавалi на гарышчы. Праз акенца можна было ўбачыць поле, спакойную раўнiну, неба. Страх не пакiдаў Мiлеса.
Iталiйкi, якiя даглядалi яго, маглi трошкi гаварыць па-ангельску. Толькi праз тыдзень Мiлес заўважыў, што ў малодшай жанчыны былi чорныя-чорныя вочы, што ў яе залацiстая скура i што яна была мажнаватая. Ёй было гадоў 30, можа, трохi менш. Муж яе ваяваў супраць амерыканцаў. Старая мацi плакала i рвала на галаве валасы, расказваючы, як яе сына сiлком забралi ў салдаты. Мiлесу было няёмка глядзець на яе. Яму здавалася, што перажываць так не варта. I, каб супакоiць старую, гаварыў, што ўсё не так страшна, сын хутка вернецца i ўвогуле яшчэ нiчога невядома. Маладзiца больш маўчала, часам усмiхалася, паказваючы белыя зубы. З дзяўчат, якiх ведаў Мiлес, яна была першая, каго амаль не цiкавiлi яго ўспамiны пра каледж. А мiж тым iх узаемаадносiны турбавалi i непакоiлi Мiлеса: гэтыя недагаворкi, гэтыя ўсмешкi, гэтыя позiркi спадцiшка. Аднак ён рабiў выгляд, што нiчога не заўважае.
Аднаго разу, гэта было на дзесяты дзень яго лячэння, яна сядзела побач i штосьцi вязала. Стаяў спякотлiвы дзень, яна час ад часу пыталася, цi хоча ён пiць. Мiлес не хацеў. Мучыў боль у нагах, i ён думаў, цi зможа зноў гуляць у тэнiс з Глэдзiс i iншымi. З нейкiм раздражненнем ён згадзiўся патрымаць маток. Яна, апусцiўшы вочы, хуценька звiвала нiткi ў клубок. У яе былi вельмi доўгiя вейкi. Мiлес заўважыў гэта перад тым, як зноў вярнуцца да сваiх змрочных думак: калека, што ён будзе рабiць у сваiм клубе?
