У адным куце ён накрэмзаў чатырохкутнiк, i жанчыны зацягнулi мяне туды, i я адчуваў на сябе iх сухiя i мяккiя рукi, i яны паставiлi перада мной мiсу з вадой i насыпалi кучку зерня, а потым паказалi на фетыш, i я зразумеў, што мушу ўвесь час глядзець на яго i не зводзiць вачэй. Тады шаман пачаў адну за адной выклiкаць iх да вогнiшча i некаторых бiў, i яны енчылi, а потым iшлi i падалi нiцма перад фетышам, маiм богам, шаман жа тым часам зноў пачынаў скакаць i пасля загадваў кожнай пакiнуць пакой, пакуль не засталася ўсяго адна, зусiм маладая дзяўчына, што сядзела побач з музыкамi i якую ён яшчэ не пабiў. Ён узяў яе за касу i пачаў цягнуць, мацней i мацней, накручваючы касу на кулак, дзяўчына закiнулася назад, вырачыла вочы i выгiналася ўсё больш, пакуль нарэшце не ўпала на спiну. Тады шаман выпусцiў яе i зароў, музыкi адвярнулiся да сцяны, а крык за маскай з квадратнымi адтулiнамi для вачэй мацнеў i рос, здавалася, да немагчымага, i дзяўчына пачала курчыцца на зямлi нiбыта ў прыпадку i нарэшце, стаўшы на карачкi, абхапiла i сцiснула голаў рукамi i таксама закрычала, але цiха i глуха, i тады шаман, нi на хвiлiну не прыпыняючы свайго крыку i ўвесь час пазiраючы на фетыш, узяў яе, порстка i люта, але твару ў дзяўчыны было не вiдаць, бо цяпер ён увесь быў схаваны пад цяжкiмi складкамi задзертага на голаў халата. А я - праз самоту i праз разгубленасць - я, напэўна, таксама крычаў, але, я роў ад жаху, крычаў нешта фетышу, пакуль ударам нагi мяне не адкiнулi да сцяны i я не ўпiўся зубамi ў соль, як цяпер грызу гэту скалу сваiм без'языкiм ротам, чакаючы таго, каго мушу забiць.

Сонца ўжо крыху зрушыла з сярэдзiны неба. Скрозь расшчылiны ў каменi я бачу дзiрку, якую яно прапякае ў распаленай блясе неба, - бы рот, балбатлiвы, як мой, якi ванiтуе нястомна патокамi полымя над палiнялай пустэльняй. На сцяжыне перада мной - нiчога, нiякай былiнкi да самага небакраю, а ззаду, там - яны ўжо, напэўна, шукаюць мяне, не, яшчэ не, адно адвячоркам яны адчынялi дзверы, каб я мог прагуляцца, пасля таго як увесь дзень працаваў у доме фетыша, прыбiраў i абнаўляў ахвяраваннi, а ўвечары пачыналася цырымонiя, i часам мяне бiлi, iншы раз не, але ўвесь час я слугаваў фетышу, фетышу, чыя выява адбiлася ўжо жалезнай пячаткаю ў маёй памяцi, а цяпер - i ў надзеi.



10 из 18