За iм iшлi музыкi i жанчыны ў цяжкiх пярэстых халатах, пад якiмi нават не ўгадвалiся iх целы. Яны скупiлiся ля дзвярэй углыбiнi пакоя i пачалi скакаць у нейкiм дзiкiм, ледзь зрытмаваным танцы, яны варушылiся, вось i ўсё, i нарэшце шаман адчынiў маленькiя дзверы ў мяне за спiнай, настаўнiкi не варухнулiся, яны глядзелi на мяне, а я павярнуўся i ўбачыў фетыш, яго двухтварую галаву, як у двухвострай сякеры, яго доўгi жалезны нос, закручаны, як змяя.

Мяне падцягнулi i кiнулi перад iм, ля самага подыя, i прымусiлi пiць чорную i горкую ваду, i адразу ў галаве ў мяне запякло, i я засмяяўся, вось яна, абраза, мяне абразiлi. Мяне раздзелi, пагалiлi галаву i цела, абмылi алеем i пачалi сцябаць па твары вяроўкамi, умочанымi ў соль i ваду, а я смяяўся i адварочваў галаву, але кожны раз дзве жанчыны бралi мяне за вушы i падстаўлялi мой твар пад удары шамана, у якога я бачыў адно квадратныя вочы i ўвесь час смяяўся, захлынаючыся крывёй. Потым яны раптам спынiлiся, нiхто не гаварыў, апроч мяне, у маёй галаве пачыналася каша, а яны паднялi мяне i прымусiлi ўзняць вочы на фетыш, я больш не смяяўся. Я ведаў, што цяпер я адданы яму - каб яму слугаваць i каб iм захапляцца, я больш не смяяўся, о не, я задыхаўся ад страху i болю. I вось тады, там, у гэтай белай хацiне, за гэтымi сценамi, якiя звонку старанна палiла сонца, са скажоным аблiччам i знямоглаю памяццю, я паспрабаваў, але, паспрабаваў памалiцца фетышу, ва ўсiм свеце быў толькi ён, i нават ягоны жахлiвы твар быў меней жахлiвы за ўсё астатняе ў свеце. I тады яны звязалi мне ногi па шчыкалатках вяроўкай, даўжынёй на звычайны крок, i зноў пачалi скакаць, але цяпер ужо перад фетышам, а настаўнiкi выйшлi адзiн за адным.

Калi ж дзверы за iмi зачынiлiся, музыка зайграла зноў, а шаман запалiў з кары вогнiшча i пачаў скакаць i тупаць вакол, высока задзiраючы ногi, доўгi абрыс ягонага цела ламаўся ў кутах белых сцен, дрыжаў на iх роўных паверхнях, напаўняў увесь пакой трапяткiмi ценямi.



9 из 18