
Яна танцавала заўзята, з запалам, ап'янелая ад радасцi, забылася на ўсё ў трыумфе сваёй прыгажосцi, у славе свайго поспеху, нiбыта ў воблаку шчасця ад столькiх знакаў увагi, ад усяго гэтага захаплення i пакланення, што яна выклiкала ў мужчын, ад поўнай сваёй перамогi, што заўжды так соладка грэе жаночае сэрца.
Адно а чацвёртай гадзiне ночы яна сабралася пайсцi дамоў. Яе муж ад поўначы спаў у маленькай пустой зале з трыма iншымi чыноўнiкамi, жонкi якiх дужа весялiлiся на баляваннi.
Муж накiнуў ёй на плечы паўкажушок, сцiплае пахажалае адзенне, убоства якога не стасавалася з элегантнасцю вячэрняга ўбрання. Яна адчула гэта, i ёй захацелася хутчэй уцячы, каб яе не заўважылi iншыя жанчыны, якiя захiналi свае плечы ў дарагiя футры.
Люазэль затрымаў яе:
- Ды чакай жа. Прастудзiшся на вулiцы. Я зараз клiкну фiякр.
Але яна не слухала яго i ўжо хутка спускалася па лесвiцы. Калi яны выйшлi на вулiцу, свабодных брычак там не было, яны пачалi шукаць, крычалi наўздагон рамiзнiкам, але тыя былi ўжо далёка.
Яны спускалiся да Сены, змерзлыя, не спадзеючыся ўжо нi на што. Нарэшце, каля рэчкi, iм трапiўся адзiн з тых лядашчых начных вазочкаў, якiя можна сустрэць у Парыжы толькi ўночы, нiбыта яны саромеюцца свайго ўбоства, каб ездзiць па горадзе днём.
Ён прывёз iх дадому, на вулiцу Пакутнiкаў, i яны самотна паднялiся да сябе. Для яе ўсё было скончана. А ён думаў пра тое, што а дзесятай гадзiне яму трэба быць у мiнiстэрстве.
Яна падышла да люстра i зняла паўкажушок, каб яшчэ раз убачыць сябе ва ўсiм харастве. Але раптам ускрыкнула. Караляў на шыi не было!
