Муж, ужо паўраздзеты, спытаўся:

- Што там у цябе?

Вельмi разгубленая, у роспачы, яна павярнулася да яго:

- У мяне... я... я згубiла каралi панi Фарэсцье.

Ён збянтэжана падскочыў:

- Што!.. Як?.. Гэтага не можа быць!

Яны кiнулiся шукаць у складках сукенкi, у складках паўкажушка, у кiшэнях, паўсюль. Але нiчога не знайшлi.

Ён запытаўся:

- Ты ўпэўнена, што, калi адыходзiла з балю, яны ў цябе яшчэ былi?

- Але, я iх кратала ў вестыбюлi мiнiстэрства.

- Але каб ты iх згубiла на вулiцы, мы б пачулi, як яны ўпалi. Мусiць, яны засталiся ў фiякры.

- Хутчэй за ўсё. Ты запомнiў нумар?

- Не. А ты? Таксама не паглядзела?

- Не.

Яны ўзiралiся адно ў аднаго, прыгнечаныя сваiм горам. Тады Люазэль пачаў зноў адзявацца.

- Пайду, - сказаў ён, - прайдуся, дзе мы iшлi пешкi, пагляджу, можа, яшчэ пашанцуе знайсцi.

I ён выйшаў. А яна так i засталася сядзець у вячэрнiм убраннi, не могучы нi пайсцi спаць, нi падняцца з крэсла, каб запалiць агонь, не могучы нi пра што думаць.

Муж вярнуўся пад сёмую гадзiну. Ён нiчога не знайшоў.

Зранку ён пабег у палiцэйскую прэфектуру, хадзiў па рэдакцыях газет, даваў аб'явы, абяцаючы ўзнагароду, завiтаў у вазоўнi да рамiзнiкаў - хадзiў паўсюль, куды толькi яго штурхала надзея.

Яна чакала ўвесь дзень, у такiм самым здранцвеннi, прыбiтая жахлiвай бядою, што iх напаткала.

Люазэль вярнуўся ўвечары, змарнелы, са збялелым тварам; даведацца ён нiчога не здолеў.

- Трэба напiсаць тваёй сяброўцы, - сказаў ён, - што на каралях зламаўся замочак, i ты iх аддала адрамантаваць. Гэта нам дасць яшчэ крыху часу, а тады, можа, выкруцiмся.

Яна напiсала лiст пад яго дыктоўку.

Праз тыдзень яны страцiлi ўсе надзеi. I Люазэль, якi выглядаў пастарэлым на пяць гадоў, заявiў:

- Трэба пастарацца iх неяк замянiць.

Назаўтра яны ўзялi футарал, у якiм некалi ляжалi каралi, i пайшлi да ювелiра, iмя якога было пазначана на накрыўцы. Той прагартаў свае кнiгi:



6 из 9