Поль Нанервiч маўчаў. Яго позiрк спынiўся на адным з артыстаў цырка. Той складаў у штабель дошкi, якiя яму падавалi з фургончыка напарнiкi. Чалавек увесь час рухаўся, i цяжка было сачыць за яго тварам. Гэта быў здаровы, дужы, шырокi ў плячах мужчына. Яму было гадоў 45. На iм былi штаны з сiняй тканiны, шатландская кашуля, у якой пераважаў чорны колер, i невялiкая бэжавая кепка, якая адкрывала высокi лоб. З-за грукату дошак i размоў у натоўпе Поль не мог чуць, пра што гаварыў чалавек, але, вiдаць, ён жартаваў са сваiм таварышам, бо абодва часта смяялiся.

- Я ўпэўнены, што ведаю таго чалавека, якi складвае дошкi, - сказаў Поль.

- Можа, дзе бачыў у iншым цырку?

- Наўрад.

- Часам можа здацца...

- Не, я ўпэўнены.

- Ну, тады пагавары з iм.

Паляк вагаўся, паглядзеў на старога гiшпанца, на цыркача i сказаў:

- Не, не варта.

Два жаданнi змагалiся ў душы ў Поля: першае - падысцi, павiтацца з цыркачом; другое - хутчэй пакiнуць гэтае месца, вярнуцца дадому i замкнуцца.

- Пайшлi, - сказаў Перэс, - кульнём па шкляначцы. Што, мы не бачылi, як ставяць лаўкi?

Яны зайшлi ў кафэ на вулiцы Фюмэ. Заказалi бутэльку белага вiна. Стары ўсё расказваў пра даваенны цырк.

- Ты, - казаў ён, - ты не памятаеш таго часу, бо ты быў яшчэ малады. Дый цi быў той цырк у тваёй Польшчы?

Поль нiчога не адказаў, i стары працягваў расказваць з такой жа стараннасцю, як i працаваў каля печы ў цагельнi. Поль слухаў яго не надта ўважлiва. Твар цыркача, яго аблiчча, яго паходка не давалi яму спакою. Чым больш ён думаў пра гэта, тым больш пераконваўся, што ведае гэтага чалавека. Ведае добра i блiзка. Яму здавалася нават, што iх знаёмства адбылося не так ужо даўно.

Ён паспрабаваў сабраць свае ўспамiны пра цырк, але так нiчога i не сказаў. Не хацеў перабiваць старога.

Апоўднi Поль прыйшоў дадому. Прыгатаваў сабе абед. I акурат у гэты час з вулiцы данеслiся гукi бубна i трубы. Ён падышоў да акна. Па вулiцы памалу рухаўся цыркавы фургончык. За рулём сядзела адна з тых мажных жанчын, якiх Поль бачыў на плошчы. Разам з ёю былi два музыканты, хлапчук у паношаным сурдуце i з вялiзным чорным цылiндрам на галаве. Ён вырабляў розныя фокусы. Як толькi музыканты рабiлi паўзу, чацвёрты чалавек паведамляў праз рупар:



2 из 7