
- Сёння вечарам, роўна ў 20 гадзiн, на плошчы...
Ён расказваў пра мiжнародны цырк Зэпiно, пра яго звярынец, пра яго каралёў эквiлiбрыстыкi, жанглiравання, пра Заро - караля бiзуна...
Чалавек, якога Поль нiбыта ведаў, бiў у бубен. На iм была тая самая вопратка. Аднак добра разгледзець яго з другога паверха было немагчыма. Чалавек схiлiўся над бубнам i, здавалася, быў цалкам захоплены сваёй справай. У Поля ўзнiкла жаданне хутчэй спусцiцца па лесвiцы, дагнаць фургончык, якi ехаў так марудна... Аднак ён, як прыбiты, застаўся стаяць ля акна. Яго ахапiла тое ж адчуванне, што i ранiцай на плошчы: зноў - унутраная напружанасць, зноў - боль у сэрцы.
Ён вярнуўся да стала i хуценька скончыў свой абед. Прыбраў са стала, навёў парадак на кухнi i пайшоў у кафэ Платан. Кожную суботу ён любiў заходзiць сюды, каб пагуляць з сябрамi ў шарыкi. Наведнiкаў яшчэ не было, i Поль прысеў за неасветлены столiк. Да самага вечара нiяк не выходзiў з галавы барабаншчык. Нiколi так бяздарна не гуляў Поль. Яго партнёры страшэнна раззлавалiся, бо тройчы па яго вiне вымушаны былi плацiць за пачастунак. Пасля ўсяго сапернiкi прапанавалi iм рэванш, але Поль устаў з-за столiка.
- Мне трэба дадому.
У адказ пачуўся смех, колкiя жарты. Поль усмiхнуўся, хацеў штосьцi растлумачыць, але тут жа зразумеў, што ў такiм шуме яго слоў нiхто не пачуе.
Але замест таго каб iсцi дадому, ён накiраваўся да плошчы. Ён яшчэ не ведаў, цi пойдзе ў цырк. Такое пытанне нават i не паўставала перад iм. Аднак нейкая невядомая сiла, супраць якой ён нiчога не мог зрабiць, цягнула яго на плошчу.
