
Перад Заро з'явiлася дзяўчына. Яна брала ў рукi газету, якая тут жа разляталася на кавалкi ад трапных удараў Заро. Адным узмахам бiзуна Заро тушыў запаленую свечку, збiваў з галавы дзяўчыны карабок запалак... Калi Заро сваiм бiзуном перабiў папалам цыгарэту ў губах у дзяўчыны, чалавек з рупарам закрычаў:
- Заро, кароль бiзуна, нiколi не дапускае прамашкi! Калi сярод прысутных ёсць смелы чалавек, ён можа выйсцi на арэну i заняць месца дзяўчыны! Нiякай рызыкi не будзе!
Публiка ўсхвалявана загула. Адны смяялiся, другiм здавалася жахлiвай нават думка наблiзiцца да гэтага страшнага бiзуна, якi ўсё страляў i страляў...
Рупар працягваў:
- Чакаем! Чакаем адважнага чалавека! Ён будзе трымаць не цыгарэту, а газету! Гэта далёка ад твару! Маленькi жарт, паверце!
Поль ужо не валодаў сабой. Яго цела падпарадкоўвалася гэтаму невядомаму голасу, што даносiўся з рупара. А можа, позiрку караля бiзуна...
- А вось i смелы чалавек! Давайце павiтаем яго!
Чалавек з рупарам пачаў расхвальваць Поля. А па зале пакацiлася новая хваля ўзрушэння. Полю здалося, што да яго даляцелi словы старога Перэса:
- Брава, палячок!
Але ён ужо нiкога не слухаў. Ён узяў у рукi згорнутую газету, якую перадала яму дзяўчына, i стаў на яе месца. Ён чакаў, трымаючы збоку газету, у поўнай нерухомасцi. Нiбы чорная ноч навалiлася на Поля, калi перад iм спынiўся Заро.
Цiшыня.
Неверагодная доўгая цiшыня. Затым першы ўдар бiзуна, якi праляцеў дзесьцi побач з газетай. Ад гэтага ўдару Поль адчуў правай рукой рух паветра i ў яго лопнула барабанная перапонка. Магчыма, гэты ўдар i прывёў яго ў прытомнасць. Поль нiбы прыкаваў сябе позiркам да гэтага чалавека ў чорным, i з губ мiжволi вырвалася прозвiшча:
- Пайчэнман!
Чалавек з бiзуном не мог гэтага пачуць, аднак погляд у яго цяпер быў iншы. Па той iскрынцы святла, што зляцела з-пад чорнага капелюша, Поль адчуў, што i яго таксама пазналi. I за некалькi секунд перад вачамi ясна праплылi рэальныя карцiны.
