Цырк асвятляўся дзесяткам лiхтароў, што гайдалiся на дроце. Зверху нiякага брызенту не было, толькi вакол арэны i лавак для гледачоў была нацягнута тканiна. Людзi заходзiлi ў гэтую iмправiзаваную залу. Хлапчукi спрабавалi як-небудзь пралезцi пад тканiну, але жанчына з цырка сачыла пiльна i адганяла iх ад агароджы. Чалавек з рупарам зноў i зноў паўтараў вартасцi каралёў свайго цырка.

Поль падышоў да ўвахода i паспрабаваў паглядзець, што адбывалася ў зале. Яму ўдалося ўбачыць толькi куток арэны, дзе яго "знаёмы" правяраў, як нацягнуты канаты. Зноў Полю захацелася i зайсцi ў залу, i тут жа, як злодзею, уцячы адсюль. На нейкi момант ён пашкадаваў, што пайшоў з кафэ. Машынальна рука намацала ў кiшэнi некалькi манет. Поль дастаў iх, паглядзеў i... зноў паклаў на месца. Доўга яшчэ ў нерашучасцi мучыўся чалавек, пакуль нарэшце не адрэзаў:

- А, было - не было!

Ён дастаў грошы i наблiзiўся да ўвахода. Сеў у першым радзе i пачаў шукаць барабаншчыка. Але таго нiдзе не было. Прадстаўленне пачалося, а ён так i не з'явiўся. Поль без увагi назiраў за падзеямi на арэне. Ён усё шукаў i шукаў таго чалавека ў шатландскай кашулi. Нарэшце, калi маленькая дзяўчынка пакiдала арэну на веласiпедзе з адным колам, чалавек з рупарам паведамiў:

- А зараз на арэне Заро! Кароль бiзуна, вялiкi маэстра ласо!

Ужо па сiлуэце Поль пазнаў таго, каго шукаў. Цяпер цыркач быў апрануты ва ўсё чорнае. На галаве вялiкi чорны капялюш. Нiжняя частка твару прыкрыта чорным кашнэ. Адны толькi вочы караля бiзуна заставалiся адкрытымi.

Заро сапраўды па-майстэрску валодаў ласо: яно iмклiва кружылася над яго галавой, ляцела ўправа, улева, назад, уперад, узнiмалася, апускалася, каб зноў узляцець...

Калi ў ласо, нiбы ў гняздзе, пачала скакаць дзяўчынка, ён падбег да дзвярэй i ўзяў падрыхтаваны для яго бiзун. Гэта быў вельмi доўгi бiзун, i Заро пачаў спрытна размахваць i страляць iм. У руках Заро бiзун вырабляў такiя складаныя i рэзкiя пiруэты, што ад яго адрывалiся i падалi ўнiз шматкi. Ад гэтых стрэлаў Поль здрыгануўся. Па спiне пабеглi дрыжыкi.



4 из 7