Белль Генрих

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

Генрых Бёль

Бiльярд а палове дзесятай

Раман

1

Тае ранiцы Фэмель першы раз быў з ёй няветлiвы, амаль што грубы. Ён пазванiў ёй каля паловы дванаццатай, i ўжо сам голас яго абяцаў нешта нядобрае; гэты тон быў ёй нязвыклы i рабiў моцнае ўражанне якраз таму, што словы былi такiя самыя карэктныя, як i раней; у голасе Фэмеля ўся ветлiвасць была зведзена да сухой формулы - быццам ён прапаноўваў ёй не ваду, а Н2О.

- Калi ласка, - сказаў ён, - пашукайце, там у Вас у шуфлядзе ляжыць чырвоная картка - тая, што я Вам даваў чатыры гады назад.

Яна выцягнула праваю рукой тую шуфляду, адсунула ўбок плiтку шакаладу, ваўняную анучку, бутэлечку з вадкасцю для чысткi металу i ўзяла ў рукi чырвоную картку.

- Калi ласка, прачытайце, што там напiсана.

I яна прачытала дрыготкiм голасам: "Гэты нумар дазваляецца паведамiць маёй мацi, бацьку, дачцэ, сыну i пану Шрэле. Болей нiкому".

- Калi ласка, паўтарыце апошнiя два словы. Яна паўтарыла: "Болей нiкому".

- Дарэчы, адкуль Вам было вядома, што гэта нумар тэлефона гатэля "Прынц Генрых"?

Яна не адказвала.

- Звяртаю Вашую ўвагу на тое, што Вы павiнны выконваць мае ўказаннi, нават калi я даваў iх чатыры гады назад.

Яна не адказвала.

- Проста няведама што...

"Хiба ён гэтым разам забыў дадаць сваё "калi ласка"?"

Ёй пачулася, быццам недзе далёка нехта гаворыць, потым да вушэй даляцеў голас, якi клiкаў: "Таксi! Таксi!"; потым - кароткiя гудкi. Яна паклала трубку, пасунула чырвоную картку на сярэдзiну стала, адчуваючы нiбы нейкую палёгку. Тая няветлiвасць, з якою яна сутыкнулася ўпершыню за апошнiя чатыры гады, падалася ёй мала што не пяшчотаю.

Калi яе што-небудзь выбiвала з раўнавагi або моцна надакучваў дакладна распiсаны парадак працы, яна выходзiла за дзверы, каб пашараваць масянжовую шыльдачку: "Д-р Роберт Фэмель.



1 из 279