каб прыпалiць цыгарэту, наўмысна трымалi гэтыя цыгарэты ў роце незапаленымi, каб выпрабаваць Гугаву вымуштраванасць; толькi яму яны хацелi дзякаваць нядбалым жэстам далонi, толькi ў прысутнасцi Гугi iхнiя твары скурчвалiся ў таямнiчыя грымасы; нецярплiвасць была напiсана на тварах, уладальнiкi якiх не маглi дачакацца, каб як найхутчэй завезцi свой дрэнны настрой у найдалейшыя куткi свету; яны былi гатовыя да старту, каб у люстрах баварскiх альбо персiдскiх гатэляў вызначыць, наколькi задубiлася iх скура. Кабеты пранiзлiва крычалi, успомнiўшы пра нешта забытае альбо незнарок пакiнутае: "Гуга! Мой пярсцёнак...", "Гуга! Мае пальчаткi...", "Гуга! Мая памада..."; i ўсе яны чакалi, што Гуга зараз маланкаю кiнецца да лiфта, без анiякага шуму ўзляцiць наверх i ў пакоi 9, у пакоi 32, у пакоi 46 будзе шукаць пярсцёнак, касметычку альбо памаду; а тая старая бабiзна прыцягнула свайго дварняка, якi ўжо выхлябтаў малако, зжэр мёд, грэбуючы смажанымi яйкамi, i вось цяпер яго трэба было абавязкова весцi на вулiцу, каб ён мог справiць сваю натуральную сабачую патрэбу i аднавiць свой ужо зусiм слабы нюх пад сценамi вулiчных кiёскаў, каля стаянак аўтамашын, трамвайных прыпынкаў; вiдавочна было, што толькi Гуга мог дагадзiць стану сабачае душы; а тут зноў тая старая бабуля Блезiк, якая штогод прыязджае, каб пагасцяваць якi месяц у дзяцей i наведаць унукаў, колькасць якiх няспынна большае; вось яна, ледзь пераступiўшы парог гатэля, пыталася ўжо пра Гугу: "Цi ж ён яшчэ ў вас, той хлапчына з тварам псаломшчыка, той хударлявы, бледны, рудавалосы, з такiм сур'ёзным паглядам?" Гуга павiнен быў пад час яе снедання, калi яна ела мёд, пiла малако i не грэбавала смажанымi яйкамi, чытаць ёй уголас мясцовую газету: старая з захапленнем падымала вочы, калi пападалiся назвы вулiц, вядомыя ёй з маленства: няшчасны выпадак на Эрэнфельдскiм Кальцы; напад з рабункам на Фрызенштрасэ. "У мяне былi гэткiя доўгiя косы, калi я гойсала там на ролiкавых каньках - гэткiя доўгiя, мой даражэнькi..." Бабуля была вельмi далiкатная i ўпартая - хто ведае, можа, яна дзеля Гугi ляцела сюды праз вялiкi акiян?



19 из 279