Нядобрае парцье адчуваў яго, калi Гуга ў 10.31 падымаўся па лесвiцы з вялiкiм кiлiшкам каньяку ў бiльярдавы пакой.

Якраз у гэтыя хвiлiны парцье вельмi датклiва адчуваў адсутнасць гатэльнага служкi: на адмiнiстратарскiм прылаўку перапляталiся рукi - рукi, што чакалi рахунку, рукi, што бралi праспекты, - i ён увесь час якраз у гэтую хвiлiну - пару хвiлiн пасля паловы дзесятай - заўважаў, што робiцца няветлiвы: вось якраз да гэтай настаўнiцы, восьмай цi дзевятай, калi палiчыць, якая пыталася ў яго, як прайсцi да рымскiх дзiцячых могiлак; яе ружовы колер твару сведчыў пра тое, што яна паходзiць з вёскi, а рукавiчкi i плашч - не пра той узровень даходаў, якi належала чакаць ад гасцей гатэля "Прынц Генрых", i парцье пытаўся ў сябе, якiм гэта чынам яна магла трапiць у кампанiю экзальтаваных асоб, нiводная з якiх не лiчыла патрэбным пытацца пра кошт нумароў; а можа, тая, што цяпер збянтэжана скубе свае рукавiчкi, здзейснiць зараз "нямецкi цуд", за якi Ёхэн вызначыў узнагароду: "Дам дзесяць марак таму, хто пакажа мне немца, якi б спытаўся пра кошт хоць чаго-кольвечы". Hе, i яна не здабудзе для яго Ёхэнавай прэмii, парцье прымусiў сябе паспакайнець i ветлiва растлумачыў ёй, як прайсцi да рымскiх дзiцячых могiлак.

Большасць гасцей патрабавала якраз таго гатэльнага служку, якi цяпер на паўтары гадзiны знiкаў у бiльярдавым пакоi; усiм хацелася, каб менавiта ён занёс iхнiя валiзы ў вестыбюль, да аўтобуса авiякампанii, да таксi, адправiў на вакзал; незадаволеныя турысты-валацугi, што, чакаючы сваiх рахункаў, размаўлялi ў вестыбюлi пра час прылёту i адлёту самалётаў, жадаючы менавiта ад Гугi лёду ў свае вiскi, агню,



18 из 279