
Гэткiх людзей няшмат, i ён адзiн з тых, за каго я гатовы ў любую хвiлiну пакласцi ў агонь, чуеш, во гэтую старую, прадажную, пакручаную раматусам руку. З iм ты можаш спакойна пакiдаць хлопца сам-насам, ён не такi - а нават калi б ён быў такi, я не бачыў бы прычын не дазваляць яму рэчаў, якiя дазваляюць педэрастам-мiнiстрам; але ж ён не такi: калi яму было дваццаць, ён ужо меў дзiця з дачкою нашага калегi, магчыма, ты прыгадваеш - таго Шрэлы, якi колiсь адзiн год тут працаваў. Hе ўспомнiў? Пэўна, цябе тут яшчэ не было. Хачу сказаць табе толькi адно: дай маладому Фэмелю спакойна гуляць у бiльярд. Гэта прыстойная сям'я. Сапраўды. Добрага роду. Я ведаў яшчэ яго бабулю, дзядулю, ягоных мацi i дзядзькоў: яны яшчэ гадоў пяцьдзесят таму гулялi тут у бiльярд. Кiльбы - ты, мусiць, гэтага не ведаеш - жывуць ужо трыста год на Модэстгасэ... жылi, бо цяпер нiводнага з iх не засталося. Мацi звар'яцела, страцiўшы двух братоў на вайне, i ў яе памёрла трое дзяцей. Яна не змагла стрываць усяго гэтага. А была цудоўная жанчына. Ведаеш, адна з цiхiх кабет. Яна не з'ела нi на грам больш за тое, што было вызначана ў прадуктовых картках, i дзецям больш не давала. З'ехала з глузду. Яна раздавала налева i направа ўсё, што ёй прыносiлi i прывозiлi, а гэтага было нямала: у iх былi сельскiя маёнткi, i абат са Святога Антонiя, што ў далiне Кiса, дасылаў ёй цэлыя бочкi з маслам, слоiкi з мёдам; але яна нiчога таго не ела i не давала нiчога таго сваiм дзецям: яны мусiлi есцi хлеб з пiлавiннем i з падфарбаваным мармеладам, у той час як мацi раздавала ўсё налева i направа - нават залатыя манеты; я сам бачыў, як яна - гэта было ў шаснаццатым цi семнаццатым годзе - выходзiла з дому з булкамi i слоiкам мёду ў руках. Мёд у 1917 годзе! Ты можаш сабе гэта ўявiць? Э-э, ды ў вас кароткая памяць, вы не можаце сабе ўявiць, што гэта значыла: мёд у тысяча дзевяцьсот семнаццатым i мёд зiмою сорак першага - сорак другога; альбо як яна пабегла на таварную станцыю i пачала там патрабаваць, каб яе вывезлi разам з жыдамi.