
Вар'ятка... Яны засадзiлi яе ў псiхлякарню, ды я не веру, што яна звар'яцела. Гэта жанчына, якiх можна цяпер убачыць хiба што на святых абразах у музеях. За яе сына хай мяне парвуць на кавалкi, i, калi яго тут не будуць абслугоўваць належным чынам, я тут учыню такое, чаго свет не бачыў; i няхай нават дзевяноста пяць старых баб будуць пытацца пра Гугу, а ён будзе патрэбны Фэмелю, дык ён застанецца ў Фэмеля. Iнфармацыйнае бюро "Аргус". Плацiць дзесяць марак гэтым iдыётам! Можа, яшчэ скажаш, што ты не ведаеш ягонага бацьку, старога Фэмеля, а? Вiншую, ты ўсё-ткi ведаеш яго, i табе нiколi не прыходзiла ў галаву, што ён - бацька таго, хто гуляе там наверсе ў бiльярд? Ага, старога Фэмеля ведае, мусiць, кожнае дзiця. Ён прыехаў сюды пяцьдзесят год таму ў перанiцаваным дзядзькавым гарнiтуры, маючы ў кiшэнi пару залатых манет - i гуляў тут у гэтым гатэлi ў бiльярд: ты яшчэ тады не ведаў, што такое гатэль. Во гэткiя вы, парцье! Пакiнь яго ў спакоi. Ён не зробiць нiякага глупства, не прычынiць шкоды, самае горшае, што ён можа ўчынiць, дык гэта таксама памалу з'ехаць з глузду. Ён лепш за ўсiх гуляў у лапту, лепш за ўсiх бегаў на сто метраў за ўсю гiсторыю нашага горада - быў цягавiты, а калi было трэба, i цвёрды як сталь; ён не мог трываць несправядлiвасцi; а таго, хто не трывае несправядлiвасцi, вельмi хутка зацягвае палiтыка; яго палiтыка зацягнула, калi яму было дзевятнаццаць; яму б адсеклi галаву цi кiнулi за краты гадоў на дваццаць, каб ён не выслiзнуў у iх з рук. Так, так, не глядзi гэтак на мяне: ён уцёк i тры цi чатыры гады быў за мяжой - не ведаю дакладна, як i што там было; нiколi не ведаў; мне вядома толькi, што ў гэтую справу ўблыталiся стары Шрэла i яго дачка, з якой пасля ён нажыў дзiця; ён вярнуўся дамоў, i нiхто нiчога яму не зрабiў; потым ён служыў у войску, у сапёраў; у мяне яшчэ стаiць перад вачыма, як ён прыехаў у адпачынак у мундзiры з чорнымi нашыўкамi. Hе вылупвай на мяне вочы, як дурань... Цi ён быў камунiстам? Hе ведаю - але нават калi i быў, дык што з таго? Кожны прыстойны чалавек калi-небудзь быў з камунiстамi.