- Слухаю, пан дырэктар, зараз iду... слухаю.

Вядома, гэткiя людзi, як ты, створаныя, каб быць дырэктарамi гатэляў; гэта як у жанчын, што просяць выразаць сабе пэўныя ўнутраныя органы; тады ўжо нiякiх праблем няма, але што гэта было б за каханне без нiякiх праблем; а калi нехта выдаляе ў сябе сумленне, нават цынiка з яго не атрымаецца. Чалавек, якi няздольны засмучацца, перастае быць чалавекам. Я выхоўваў з цябе гатэльнага, чатыры гады трымаў у чорным целе; ты разгледзеўся ў свеце, наведваў школы, вывучаў мовы, прыслугоўваў у саюзнiцкiх i несаюзнiцкiх афiцэрскiх казiно пры варварскiх выкрыках п'яных пераможцаў i пераможаных; пасля гэтага ты адразу ж вярнуўся сюды, i першае, што ты - тлусты, гладкi i без усякага сумлення - спытаў, было: "Цi стары Ёхэн усё яшчэ тут?" Я тут, усё яшчэ тут, мой хлопча.

- Вы абразiлi гэтага пана, Кульгамэ.

- Я ненаўмысна, пан дырэктар, i, калi казаць шчыра, то не было абразы. Я мог бы назваць вам сотнi людзей, якiя б палiчылi гонарам для сябе, каб я звяртаўся да iх на "ты".

Мяжа нахабнасцi. Немагчыма ў гэта паверыць!

- У мяне неяк гэта проста вылецела, пан доктар Нэтлiнгер. Я стары чалавек i жыву як бы пад аховай параграфа 51.

- Гэты пан жадае сатысфакцыi...

- ...I як мага хутчэйшай. Прабачце мне, але я не лiчу за гонар, калi парцье ў гатэлi называе мяне на "ты".

- Папрасiце ў пана прабачэння.

- Прашу ў пана прабачэння.

- Hе такiм тонам.

- А якiм? Я прашу ў пана прабачэння, я прашу ў пана прабачэння, я прашу ў пана прабачэння. Вось тры тоны, якiмi я валодаю, i няхай пан доктар Нэтлiнгер выбярэ сабе такi, якi яму падыходзiць. Вы бачыце, я зусiм не хачу нiкога зняважыць. Магу ўкленчыць тут на дыване, бiць сябе кулакамi ў грудзi, я, стары чалавек, якi, мiж iншым, таксама чакае, што ў яго папросяць прабачэння. Спроба падкупiць мяне, пан дырэктар. На карту быў пастаўлены гонар нашага рэнамаванага гатэля. Прафесiйную тайну за няшчасныя трыццаць марак? Я ўспрымаю гэта як абразу майго асабiстага гонару i гонару гэтай установы, у якой я служу ўжо больш за пяцьдзесят год, а калi дакладней пяцьдзесят шэсць год.



30 из 279