Чырвоная картка ляжала на пiсьмовым стале: яго бездакорны чарцёжны шрыфт: "Болей нiкому". Нумар тэлефона, якi яна ў гадзiны нуды, саромеючыся свае дапытлiвасцi, пасля напружаных пошукаў здолела высветлiць: гатэль "Прынц Генрых". Назва гэтая яшчэ больш распальвала яе цiкаўнасць: што ён рабiў кожнае ранiцы памiж паловай на дзесятую i адзiнаццаццю ў гатэлi "Прынц Генрых"? Халодны голас у трубцы: "Няведама што..." Цi ён напраўду гэтым разам не дадаў свайго "калi ласка"? Toе парушэнне прынятага стылю абнадзейвала яе, рабiлася нейкай уцехай у працы, якую б таксама добра мог выконваць i аўтамат.

Лiсты паводле двух узораў, якiя за чатыры гады не змянiлiся анi трохi iх яна была знайшла яшчэ ў паперах сваёй папярэднiцы.

Першы ўзор - да клiентаў-заказчыкаў: "Шчыра дзякуем за выказаны нам давер. Будзем прыкладаць усе намаганнi, каб адказаць на яго своечасовым i дакладным выкананнем Вашага даручэння. З глыбокай павагай..." Другi ўзор, паводле якога яна павiнна была пiсаць лiсты, дасылаючы клiентам гатовыя статычныя разлiкi: "Гэтым дасылаем Вам неабходную дакументацыю да будоўлi X. Ганарар у суме Y просiм пералiчыць на наш рахунак у банку. З глыбокай павагай..." Зразумела, яна павiнна была падстаўляць замест X: "дом для выдаўца на ўскраiне лесу", "дом для настаўнiка на беразе ракi", "чыгуначны вiядук над Голлебэнштрасэ". Замест Y яна ўпiсвала суму ганарара, якую яна сама вылiчвала з дапамогай простага ключа.

Апроч гэтага, была яшчэ перапiска з трыма Фэмелевымi супрацоўнiкамi: Кандэрсам, Шрытам i Гохбрэтам. Яна была абавязана надсылаць iм даручэннi па чарзе, у парадку iх паступлення. Як сказаў Фэмель, "гэтак справядлiвасць будзе дзейнiчаць аўтаматычна, i лёс можа заўсёды быць на баку кожнага". Калi прыходзiла гатовая дакументацыя, яе трэба было перасылаць на праверку Шрыту, Гохбрэтавы - Кандэрсу, Шрытавы - Гохбрэту. Да абавязкаў належала таксама весцi картатэку, запiсваць у кнiгу рахункi, рабiць фотакопii рысункаў i фотакопii кожнага праекта ў прыватны архiў Фэмеля, памерам з двайную паштоўку. Найбольш працы было, аднак, з наклейваннем марак на канверты: раз за разам яна праводзiла адваротным бокам зялёнага, чырвонага, блакiтнага "хойса" па вiльготнай губцы, старанна наклейвала марку на правым верхнiм рагу жоўтага канверта; трохi ўразнастайвала яе працу тое, што сярод марак раз-пораз траплялiся карычневыя, фiялетавыя або жоўтыя "хойсы".



4 из 279