Фэмель узяў сабе за прынцып не заставацца ў бюро штодня даўжэй, як на адну гадзiну; ён ставiў свой подпiс пад шматлiкiмi "з глыбокай павагай...", пад ганарарнымi рахункамi. Калi ў бюро паступала даручэнняў больш, чым ён мог апрацаваць за адну гадзiну, Фэмель iх не прымаў. На гэты выпадак у бюро мелiся адбiтыя на гектографе карткi з тэкстам: "У сувязi з перагружанасцю мы, на жаль, вымушаны адмовiцца ад Вашага шаноўнага даручэння. Подпiс Ф.".

Нiводнага разу, седзячы насупраць яго ўранку, ад паловы дзевятай да паловы дзесятай, яна не бачыла, каб ён займаўся чым-небудзь iншым, спраўляў звычайныя чалавечыя патрэбы: еў або пiў; у яго нiколi не было нават катару; чырванеючы, яна думала пра больш iнтымныя рэчы. Toе, што ён курыў, не магло ўсяго гэтага кампенсаваць: занадта бездакорна выглядала бялюткая цыгарэта, адно попел i недапалак на дне папяльнiчкi давалi ёй пэўную ўцеху: прынамсi, гэта былi нейкiя адкiды; яны даводзiлi, што нешта было спажыта. Paней яна працавала ў розных уплывовых шэфаў, пiсьмовыя сталы iх нагадвалi камандзiрскiя масткi, аблiччы якiх будзiлi сполах; але нават гэтыя вялiкiя людзi калi-нiкалi выпiвалi кубак гарбаты або фiлiжанку кавы цi з'ядалi якi бутэрброд; яе моцна ўражвала, калi яна бачыла, што гэткiя магутныя людзi ядуць або п'юць: на стале заставалiся хлебныя крошкi, каўбасныя шкуркi цi рэшткi тлушчу ад з'едзенай вяндлiны; гэтыя вялiкiя людзi мусiлi мыць рукi, выцягваць з кiшэняў насоўкi. Штосьцi дэмакратычна-прымiрэнчае выглядала з-пад гранiтных iлбоў тых, што камандавалi цэлымi армiямi; яны выцiралi сабе губы, што былi часткай тых аблiччаў, якiя калi-небудзь, адлiтыя ў бронзе i ўстаноўленыя на п'едэсталах, будуць сведчыць пра iх велiч перад будучымi пакаленнямi.



5 из 279