
Часам яна брала з палiцы энцыклапедыю i шукала назвы мясцовасцей, якiя кожны дзень пiсала на канвертах: "Шыльгенаўэль. 87 жыхароў, у тым лiку 83 катол., парафiяльная царква XII ст. са знакамiтым алтаром". У Шыльгенаўэлi жыў Кандэрс, звесткi пра яго асобу яна ведала з страхавой карткi: "37 гадоў, нежанаты, катал. веравызн.". Шрыт жыў на поўначы, у Глудуме: "1988 жыхароў, у тым л. 1812 пратэст., 176 катол., фабрыка марынадаў, мiсiянерская школа". Шрыту было 48 гадоў, жанаты, пратэст., двое дзяцей, адно - ва ўзросце зв. 18 г. Месца жыхарства Гохбрэта ёй не трэба было спраўджваць у энцыклапедыi: ён кватараваў у прадмесцi Блесэнфэльд - адгэтуль усяго 35 хвiлiн аўтобусам; часцяком ёй у галаву прыходзiла дурнаватая думка: наведаць яго дома, упэўнiцца ў ягоным iснаваннi, пачуць голас, пацiснуць руку. Зрабiць гэткi нахабны ўчынак ёй не даваў толькi яго малады ўзрост - яму было толькi трыццаць два - i тая акалiчнасць, што ён быў нежанаты. Хоць мясцовасцi, дзе жылi Кандэрс i Шрыт, былi апiсаныя ў энцыклапедыi гэтаксама, як у пашпарце пазначаюцца звесткi пра асобу чалавека, а Блесэнфэльд яна добра ведала, нягледзячы на гэта, нiводнага з тых трох чалавек яна не магла сабе колькi-небудзь рэальна ўявiць; пры тым, што кожны месяц ёй даводзiлася пераводзiць за iх страхавыя ўзносы, рабiць розныя паштовыя аперацыi, перасылаць iм часопiсы i таблiцы; яны заставалiся такiя самыя нерэальныя, як той пан Шрэла, прозвiшча якога стаяла на чырвонай картцы, i якога Фэмель быў гатовы бачыць у любы час, i якi, аднак, за апошнiя чатыры гады не зрабiў нiякай спробы з iм сустрэцца.
